У Гародні патоп
У выніку моцнай залевы частка Гародні аказалася пад вадой. У цэнтры горада ўтварыўся правал у асфальце глыбінёй каля 10 метраў. Затапіла прыватныя дамы на вул. Татарскай. Узнік апоўзень на набярэжнай ракі Нёман.
З-за моцных ападкаў абвалілася дарожнае пакрыццё на вуліцы 17 верасня ў цэнтры Гародні. Здарэнне адбылося на ўчастку паблізу ракі Гараднічанка. Зараз рух па вуліцы перакрыты, праводзяцца аднаўленчыя работы. Па розных звестках, часткова парушана пакрыццё іншых вуліц, пацярпеў тратуар па вуліцы Астроўскага. У выніку падтаплення помпавага памяшкання прыпыненая праца двух цэхаў „Гродна Азоту”. Праводзяцца работы па адпампоўцы вады. Таксама падтоплены тэрыторыі 38 прыватных дамоў, падвалы сямі грамадскіх будынкаў у Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. З-за рэзкіх парываў ветру на вуліцах горада апынуліся разбітыя люкі і павалены на праезную частку дрэвы. Па праспекце Янкі Купалы дрэвы пашкодзілі 3 легкавыя аўтамабілі.
Усяго ў Гародні ноччу выпала каля паловы сярэднямесячнай нормы ападкаў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Савелія Малчанава