У Гародні пазначылі месцы для пацалункаў і спатканняў



Больш за два дзясяткі шыльдаў з незвычайнымі заклікамі і надпісамі ўсталявалі ў Гародні гарадскія актывісты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікі адной з гарадскіх груп у сацыяльных сетках вырашылі незвычайным спосабам упрыгожыць гарадскія вуліцы. У самых вядомых і папулярных месцах з’явіліся таблічкі з незвычайнымі і вясёлымі надпісамі і малюнкамі. Напрыклад, ля лавачкі закаханых у гарадскім парку пазначылі „Месца для пацалункаў”, на адным з кветнікаў у цэнтры з’явіўся напамін „Купі ёй кветкі”, а для жадаючых пакарміць коцікаў або галубоў пазначылі месца іх „канцэнтрацыі”.

„Пастараліся зрабіць горад больш прывабным, ярчэйшым і цікавейшым і для турыста, і для жыхароў. Напрыклад, усталявалі інфармацыйную шыльду ў тым месцы, дзе на вуліцы Савецкай па вечарах выступаюць музыканты”, – распавяла адна з ініцыятараў праекту Наталля Брожак.

З’явяцца шыльдачкі і ля асноўных славутасцяў горада: турыстам і гараджанам падкажуць аптымальнае месца для сэлфі.

Незвычайны праект падтрымалі ў гарвыканкаме. На шыльдах размясцілі лагатып партала для турыстаў, якія жадаюць наведаць Гародню без візы.

Як распавяла Наталля Брожак, удзельнікі гарадской групы ў сацсетках плануюць рэалізаваць яшчэ некалькі праектаў, накіраваных на тое, каб гараджане і турысты маглі даведацца пра Гародню з новага, незвычайнага і цікавага боку.

Фота Леаніда Шчаглова.