У Гародні пенсіянерку судзяць за супраціў міліцыі
Крымінальны працэс над гарадзенскай Марынай Палікарпавай праходзіць у Гародні. Пенсіянерка-фармацэўт была жорстка збітая АМАПаўкамі – Дар’яй Бандарчук ды Марыяй Мазуркевіч 9-га жніўня. Апрача 3 дзён адміністрацыйнага арышту, які яна адбыла ў Шчучынскім ізалятары часовага затрымання, цяпер – праходзіць ужо па крымінальнай справе: „Гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўнікаў міліцыі”.
Праваабаронца Раман Юргель назірае за працэсам і мяркуе, што яна мусіла б падаваць сустрэчны зыск на супрацоўніц АМАПу і людзей, якія яе скралі і нанеслі 51 пашкоджанне:
– Было б сэнсоўна канешне адразу пісаць заяву ў Следчы камітэт, пракуратуру за такое незаконнае затрыманне, за перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі ды таксама падаць зыск у суд. Але на жаль па ўсіх гэтых крымінальных, адміністратыўных справах, што тычыцца таго, хто правы, а хто вінаваты, хто перавысіў паўнамоцтвы, а хто не, то заўсёды ім або не выдадуць відэарэгістратар, або ён быў папсаваны ці не працаваў.
У Ленінскім раённым судзе Гародні, суддзя Руслан Гурын зрабіў перапынак да 17 снежня, каб выслухаць сведку – судова-медычнага эксперта. Пракурор у судзе Мікіта Мыслівец.
Паводле артыкулу 364 КК РБ ёй пагражае да 6 год зняволення.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня