У Гародні пікет зладзілі сцягі



У Гарадзенскую этнакраму «Цудоўня» двойчы прыходзілі міліцыянты і двойчы складалі адміністрацыйны пратакол за нібыта «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Два капітаны Аляксандр Шульга і Сяргей Рэмез палявалі такім чынам за беларускімі нацыянальнымі сцягамі на працягу працоўнага дня. Сцяг традыцыйна вісіць ля ўваходу як рэкламная прадукцыя ў межах крамы. Цяпер адміністрацыйныя пратаколы былі складзеныя на супрацоўніка крамы, у той час, калі бел-чырвона-белы сцяг стаяў самотна, без людзей.

Кажа Антон Шаранкевіч, прадавец крамы:

– Не ведаю, чым яны карысталіся дзеля таго, каб прывязаць гэты артыкул да гэтага сцяга. Таму што на ўваходзе ніхто не стаяў і не размахваў сцягамі. Гэты сцяг вісеў сам па сабе, то бок у мяне такое пытанне ў галаве: гэты сцяг сам пікетаваў ці з сябрам, які вісеў яшчэ на другім паверсе. Не зразумела, чым яны карысталіся, якія матывы ў іх былі?

Як мне падаецца, паступіў загад зверху, каб сцяг прыбраць.

«Акта вымання не далі, пратакола не далі, і сфатаграфаваць таксама не далі. Проста скралі сцягі», – кажа прадавец крамы Антон Шаранкевіч.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя