У Гародні прадставілі партал Крыніца.INFO
Аб’яднаць журналістаў-хрысціянаў розных канфесій хоча новы інтэрнэт-рэсурс, прадстаўнікі якога завіталі ў Гародню з адмысловым семінарам. На сустрэчу прыйшло два дзясяткі вернікаў праваслаўнай, рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў. На думку прадстаўніка партала Анатоля Шырвеля, галоўнай задачай сустрэчы з’яўляецца аб’яднанне навінаў усіх канфесій на адным партале, а таксама навучанне таму, як асвятляць хрысціянскія тэмы: – Да гэтага быў проста інтэрнэт-сайт, больш сціслы, больш сціплы. Ужо некалькі семінараў мы правялі, людзі проста падыходзяць, кажуць: “Як добра, што з’явіўся такі рэсурс, які дазваляе нам будучы вернікамі, працаваць як журналістам па той тэматыцы, якая супадае з нашым сумленнем, з нашым светапоглядам”. У кожнага верніка ёсць такая мара, каб яго праца, ці хаця б яго хобі было тым, чым з’яўляецца служэнне Богу.
Гэта быў трэці семінар у Беларусі, які праходзіць пры падтрымцы аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. На сустрэчы прысутнічалі журналісты з Гародні, Ліды ды Слоніма. Сустрэча прайшла ў форме дыскусіі, падчас якой узнімаліся пытанні адносна таго, як асвятляць падзеі і што змяшчаць на хрысціянскіх інтэрнэт-рэсурсах. [Not a valid template] Беларускае Радыё Рацыя, Гародня