У Гародні прадставяць даклад пра забойства Шарамета



Беларускі прэс-клуб разам з HrodnaMediaRoom запрашаюць 21 кастрычніка ў Гародню на лекцыю Крыстафера Мілера, аўтара даклада „У правасуддзі адмоўлена: Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства Паўла Шарамета”. Гарадзенская прастора Цэнтр гарадскога жыцця стане другой пасля Менска кропкай, дзе ў Беларусі адбудзецца сустрэча з Крыстаферам Мілерам. На сустрэчы Крыс раскажа пра падрыхтоўку сваёй журналісцкай працы, на якую ён выдаткаваў тры з паловай месяцы, пра найбольш цікавыя моманты расследавання.

Пра актуальнасць будучай сустрэчы распавядае журналістка Вольга Корсун, якая асабіста ведала Паўла Шарамета:

Зараз справа Шарамета падвісла ў паветры, няма ніякіх зрухаў на гэты конт. З кожным тыднем, з кожным месяцам усё менш надзеі на тое, што праўда адкрыецца, прынамсі пры той уладзе, якая зараз ва Украіне. Вельмі важна падымаць гэтае пытанне, каб яно было на слыху. Калі была гадавіна забойства Шарамета – пра гэта казалі. Але мы як журналісты, журналісцкая супольнасць павінны пастаянна пра гэта нагадваць, бо ёсць справы, якія не маюць тэрміну даўнасці.

Даклад Крыстафера Мілера быў падрыхтаваны па замове Камітэта па абароне журналістаў, і першая яго прэзентацыя адбылася ў Кіеве ў ліпені 2017 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня