У Гародні прайшла канферэнцыя ГА „Ахова птушак Бацькаўшчыны”
У Гародні прайшла штогадовая канферэнцыя грамадскай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
На малым рэгіянальным форуме арнітолагаў удзельнікі пачулі шмат цікавых прапаноў на працу ў 2020 годзе, і ня толькі па вызначэнні птушак, але і па ахове знікаючых відаў рыб і жывёлаў у Беларусі. У памяшканні, якое належыць заапарку, дзе праходзіла канферэнцыя, сваю персанальную выставу „Птушкі ў аб’ектыве” прадставіў фатограф Сяргей Чарапіца.
– У вольны час займаюся. Кожны фотаздымак нясе пэўную інфармацыю. Гэта ўсё больш і больш мяня зацягвае. Усё гэта я здымаю ля Гародні. Тут усе кадры дарагія і цяжкія, проста так яны не даюцца. Напрыклад, падорліка я два месяцы ездзіў здымаць. І толькі адзін добры кадр атрымаўся.
Адна з прыярытэтных задач гарадзенскай арганізацыі на 2020 год – гэта ўдзел у трансгранічным праекце з Польшчай, па вызначэнні колькасці самцоў на такáх дубальта. Гэта знікаючы від, за які адказная і нашая краіна. Польскія анітолагі выдзяляюць сродкі на падлік з беларускага боку колькасці гэтага віда бакасавых птахаў. А пасля беларускія і польскія аргнітолагі перададуць гэтыя выяўленыя такі самцоў пад ахову дзяржавы. Магчыма праз гэта глабальна знікаючы від не знікне на Гарадзеншчыне. Пра іншыя задачы арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” кажа Зміцер Вінчэўскі – рэдактар сайта „Птушкі штодня”.
– Другі выклік не зусім звязаны з аховай птушак. Гэта праблема змяншэння колькасці сябраў нашай арганізацыі. Таму што валанцёры ёсць, людзі, якія цікавяцца птушкамі, ёсць, людзі, якія ездзяць на экскурсіі, удзельнічаюць у акцыях, ёсць, але чамусьці яны не становяцца сябрамі нашай арганізацыі. Альбо сыходзяць. На мой погляд, гэта сур’ёзны выклік. Будзем думаць, што рабіць. Я пакуль не маю гатовых рэцэптаў.
Грамадская арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны” выявіла на 2020 год Птушку года – глушца. Гэты від птаха пражывае на некаторых лясістых раёнах Гарадзеншчыны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня