У Гародні прайшла вечарына да стагоддзя БХД



У Гародні прайшла мемарыяльная вечарына да стагоддзя «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». Найбольш значнай фігурай БХД, якая нарадзілася ў Гародні, быў святар Уладзіслаў Талочка. У гонар яго 130-годдзя ў залі на вуліцы Будзёнага прайшла акадэмія з удзелам даследчыка гісторыі беларускіх каталіцкіх святароў Янкі Трацяка.

Значэнне святара Уладзіслава Талочкі ў беларускім руху міжваеннай Вільні, мяркуе Янка Трацяк, цяжка перацаніць.

— У тысяча дзевяцьсот шаснаццаты, сямнаццаты і васямнаццаты год усё, што рабілася ў Вільні, рабілася адным чалавекам, якім быў Уладзіслаў Талочка. Пра гэта піша Адам Станкевіч, пералічваючы, што там рабілася: арганізацыя розных прытулкаў, выступленні на канферэнцыях, дзейнасць у камітэце дапамогі пацярпелым да вайны, зварот да арцыбіскупа, каб беларусам выдзелілі асобны касцёл, дзе можна было б праводзіць набажэнствы на беларускай мове.

Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі таксама пазнаёмілі сваіх прыхільнікаў, якія прыйшлі на вечарыну, з прынцыпамі, на якіх была пабудавана сто гадоў таму партыя. А таксама распавялі пра цяперашні стан арганізацыі.

Кажа Павал Севярынец, сустаршыня БХД.

— 24-25 траўня 1917 года трыццаць каталіцкіх святароў сабраліся ў Менску на плошчы Свабоды, у сённяшнім касцёле Панны Марыі і пастанавілі стварыць палітычную партыю, хрысціянскую па форме, дэмакратычную. З гэтага часу мы адлічваем пачатак менавіта беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі. У траўні будзе 100 гадоў па даце, але мы на цэлы год распланавалі вялізную колькасць мерапрыемстваў. У кожным рэгіёне мы стараемся знайсці чалавека, які быў у БХД працаваў у гэтай галіне, і праводзіць адпаведныя мемарыяльныя мерапрыемствы.

Пад час вечарыны прайшла прэзентацыя кніжак: «Беларуская хрысціянская дэмакратыя 1917-2017» і даведнік «100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі», якія прывезлі аднапартыйцы з Менска. На завяршэнне імпрэзы, прысвечанай Уладзіславу Талочку, выступіў музычны гурт «Laudans».

\

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота і відэа аўтара