У Гародні прайшлі дзве канферэнцыі ТБМ
У Гародні прайшлі дзве канферэнцыі ТБМ: гарадзенскай гарадской і абласной арганізацыяў. Заўважана, што за апошнія гады, пасля падзення колькасці суполак у раёнах вобласці, пачаўся іх павольны рост і адраджэнне. Але аптымізму не багата. Актуальным застаецца праблема пранікнення грамадскай арганізацыі ў моладзевыя асяродкі, якія маюць сімпатыі да беларускай уласнай ідэнтычнасці і папулярызацыі беларускай мовы. Гэта задача застаецца прыярытэтнай на наступныя чатыры гады.
Пра сваё стаўленне да вынікаў канферэнцыі ў Гародні кажа Станіслаў Суднік – намеснік старшыні ТБМ, рэдактар газеты „Наша Слова”:
– За мінулую кадэнцыю ў Гарадзенскай вобласці адрадзіўся шэраг арганізацый, яшчэ шэраг арганізацый павінен адрадзіцца. Такім чынам, ТБМ гэтыя гады на Гарадзеншчыне працавала, пра што сведчыць хаця б апошняя Агульнанацыянальная дыктоўка, якая праводзілася з ініцыятывы ТБМ і ў якой удзельнічала 227 населеных пунктаў Гарадзенскай вобласці – каля 20 тысяч чалавек.
На канферэнцыі адбылося пераабранне Радаў ТБМ Гародні і Гарадзенскай вобласці, а таксама выбраны дэлегаты на з’езд, які пройдзе ў Менску 18-га кастрычніка. Канферэнцыя прыняла зварот да грамадзянаў Беларусі.
Зварот да грамадзянаў Беларусі
Апошні час паказаў, што прага Волі, захаваньня суверэнітэту сваёй краіны ў беларусаў ёсьць. Нягледзячы на існуючы лінгвацыд, прага да нацыянальных сымбаляў, беларускай мовы прабівае сабе дарогу пры хвіліне свабоды. Многія беларусы сталі разумець, што беларуская мова – гэта ня толькі код нацыі, але і сродак, які вядзе да адметнага шляху ўласнай прыгожай будучыні народа. Сябры канфэрэнцыі абласной арганізацыі Таварыства Беларускай мовы, якая прайшла ў Гародні, заклікаюць суайчыньнікаў, якія пранікліся вышэйзгаданым, зрабіць наступны крок: размаўляйце па-беларуску, аддавайце сваіх дзетак у беларускія групы дзіцячых садкоў і беларускія клясы школаў.
Студэнты! Вымагайце правядзеньне лекцыяў ды іншых заняткаў па-беларуску. Жыхары дамоў, дзяльніцаў, местаў: патрабуйце афармленьня шыльдаў, вонкавай рэклямы, касавых чэкаў, цэньнікаў, страхавых полісаў, і гэтак далей, па-беларуску. Надыйшла пара ўзгадаць, што вы жыхары самабытнай Еўрапейскай краіны, з уласнай мовай, гісторыяй, зямлёй.
Напісана 20 -га верасня, 2020 года, у Гародні.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня