У Гародні прайшоў конкурс польскай арфаграфіі



У Гародні адбыўся агульнарэспубліканскі конкурс польскай арфаграфіі сярод дзяцей і моладзі. Мерапрыемства, арганізаванае непрызнаваным уладамі Саюзам палякаў на Беларусі ў супрацы з Седлецкім прыродна-гуманістычным універсітэтам, сабрала каля двухсот чалавек з усёй краіны.

Па выніках конкурсу дванаццаць лепшых удзельнікаў у якасці ўзнагароды атрымалі магчымасць наведвання Афінаў, яшчэ пяць чалавек здолеюць у час летніх канікул правесці адпачынак у Італіі. Як зазначае старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анжаліка Борыс, не можа не цешыць той факт, што колькасць удзельнікаў арфаграфічнага конкурсу з кожным годам істотна ўзрастае:

— Летась у нас было сто ўдзельнікаў, а сёлета амаль на сто чалавек болей ахвотных. Гэта сведчыць пра тое, што расце зацікаўленасць вывучэннем польскай мовы. Каб прыняць удзел у арфаграфічным конкурсе трэба падрыхтавацца, а прынцып такі, што ўзнагароджваюцца веды.   

Традыцыйна шанец атрымаць перамогу ў прэстыжным конкурсе польскай арфаграфіі маюць не толькі вучні польскіх школаў з Гародні і Ваўкавыску. Паводле ўмоваў, пераможцы акрэсліваюцца і сярод тых, хто наведвае заняткі польскай мовы ў грамадскіх школах ці займаецца факультатыўна.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня