У Гародні працягваецца карны канвеер над удзельнікамі мірных акцыяў



У Гародні працягваецца карны канвеер над удзельнікамі мірных акцыяў пратэсту супраць „скрадзеных” выбараў прэзідэнта. Крымінальныя працэсы праходзяць па справе пяці: дзе АМАП выкарыстаў слезацечны газ на праспекце Янкі Купалы; справы чатырох, каля моладзевага цэнтру „Галактыка”; справа таксіста Аляксея Лапы і яго пасажыра.

Характэрна, што абвінавачанні грунтуюцца са слоў, а відэа доказаў прад’яўленых абвінавачанняў няма. Таму  слова, нібыта пацярпелага АМАПаўца, ці зацікаўленай у абвінавачанні сведкі-АМАПаўца, не пераканаўча для абвінавачанай стараны.

Кажа Раман Юргель, праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага камітэту:

– „Беспрэдзел”. Таму што ўсе адвакаты на ўсіх судовых працэсах па гэтых крымінальных справах хадайнічаюць пра прадстаўленне гарадзенскім АМАПам, міліцыяй, РАУСамі дадзенымі з відэарэгістратараў, якія выдаюцца асабістаму складу і спецтранспарту міліцыі. Зачытваюць адказы ў судзе, што не захаваліся гэтыя дадзеныя, бо ў адных працэсах ужо прайшоў месяц, а ў другіх працэсах, што нібыта яны ўвогуле не выдаваліся ў гэты дзень.

Ужо ў чацвер працягнецца справа пяці ў Кастрычніцкім судзе Гародні, а таксама па справе чатырох па „Галяктыцы”, дзе была сутычка з АМАПам – на 25 лютага. А ў сераду, 17 лютага, працягнецца крымінальны працэс мінулага тыдня па справе Ціханоўскага, дзе фігуруюць Фурманаў, Кніга, Разнічэнка. Таксама суд не супыняецца па таксісту і ягоным пасажыры.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя