У Гародні працягваецца суд над актывістам БХД



Адміністрацыйную справу актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргея Верамеенкі разглядаюць у Ленінскім раённым судзе Гародні. Ужо прайшло два дні працэсу, які вядзе суддзя Наталля Козел. Заслуханы бакі і сведкі інцыдэнту, які быў 22-га снежня ў доме актывіста, калі туды з’явіўся судовы выканаўца Яўген Панькоў. Паводле яго заявы, Сяргея вінавацяць у непадпарадкаванні законным дзеянням службовай асобы. На паседжаннях быў Раман Юргель –прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту.

Праходзіла судовае даследаванне. Былі апытаны міліцыянты, якія прыязджалі па выкліку судовага выканаўцы. Яны засведчылі, што не бачылі, як Сяргей Верамеенка выштурхнуў судовага выканаўцу, датыкаўся да яго. Рапарты былі складзены на наступны дзень са слоў судовага выканаўцы. На падставе гэтых рапартаў і толькі апытанняў выканаўцы ўчастковы міліцыянт склаў адміністрацыйны пратакол.

На пытанне Сяргея Верамеенкі, чаму не дапамаглі службоваму выканаўцу апісваць маёмасць, калі гэта законна, сведкі-міліцыянты адказалі: “Мы ажыццяўляем ахову грамадскага парадку, а не апісваем маёмасць”. Асаблівай увагі заслугоўваюць дзеянні ўчастковага інспектара Сяргея Лукашыка, які склаў пратакол. Кажа Раман Юргель:

Пратакол не быў належным чынам высланы Сяргею Верамеенку. Такім чынам, ён не быў паінфармаваны, што быў складзены такі пратакол. Яго проста паставілі перад фактам, завезлі ў суд у першы дзень. Усе супярэчнасці ў гэтай сітуацыі даследуе суддзя. І я тут не магу даць больш ніякіх каментараў.

Суддзя Наталля Козел запатрабавала выканаўчае вядзенне ў дачыненні Сяргея Верамеенкі ад судовага выканаўцы.  Суд працягнецца ў пятніцу 13-га студзеня.

Дарэчы, у час суда выявілася, што часткова судовы выканаўца выканаў свае абавязкі, зрабіўшы частковае апісанне маёмасці Сяргея Верамеенкі. А Сяргей аплаціў суму штрафу ў суд, хаця мае намер яго аспрэчваць.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня