У Гародні чарговыя адміністрацыйныя арышты (абноўлена)



У судзе Ленінскага раёна Гародні абвешчаны пастановы суддзяў у дачыненні да трох грамадскіх актывістаў. Суддзя Руслан Гурын засудзіў Антона Вайцехава да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, што яго судзілі паўторна за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Суддзя Дзмітрый Бубенчык засудзіў пенсінера Мікалая Саляніка да 7 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу 15 сакавіка. Саляніка таксама судзілі паўторна. Мікалай Салянік, які даведаўся пра суд над ім толькі ў абед, прыйшоў на абвешчанне прысуду і, таксама, як Вайцехаў, быў узяты пад варту пасля атрымання пастановы суду.

Суддзя Наталля Козел засудзіла Вадзіма Саранчукова да 15 базавых штрафу нібыта за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у акцыях пратэсту. Сфальшаваная справа цягам разгляду фактычна рассыпалася, але суддзя ўсё роўна пакарала Саранчукова штрафам. 

Кажа Вадзім Саранчукоў:

– Цягам працэсу былі разбітыя ўсе паказанні сведкаў. Адзін з іх увогуле адмовіўся ад паказанняў, другі – пастаянна блытаўся. Нягледзячы на гэта, суддзя сказала, што ім верыць і іх паказанні пацвярджаюцца. Згодна з прынцыпамі права, забаронена трактаваць сумнеўныя доказы на шкоду чалавеку, адносна якога вядзецца працэс. Таму я грунтуюся на тым, што гэтае рашэнне – палітычнае. Быў заказ на штраф і ўсё.

Праваабаронца Віктар Сазонаў лічыць, што судовая сістэма выконвае чарговую замову:

– На судзе над Саранчуковым мы бачылі гэтых сведкаў, якія аправяргалі адзін другога. І на гэтым лагічна, каб суд быў завершаны. Як мінімум, каб справа была накіравана на дапрацоўку. Але тым не менш, Вадзім Саранчукоў чарговы раз пакараны, гэтым разам – штрафам. А Антон Вайцехаў і Мікола Салянік пакараныя суткамі. І тут мы бачым незразумелую жорсткасць гэтай сістэмы.

Праваабаронцы і актывісты сабралі для  Вайцехава і Саляніка перадачу. Грамадскія актывісты збіраюцца абскарджваць свае прысуды ў абласным судзе.

Грамадскія актывісты лічаць гэтыя прысуды парушэннем іх кансцітуцыйных правоў. Кажа пенсіянер Мікола Салянік:

– 37–ы год! Я разумею, што яны не вывучалі гісторыю – ні суддзі, ні пракуроры, ні супрацоўнікі МУС. Яны – невучы. Паказваю ім Канстытуцыю, у якой напісана, што чалавек мае права выказваць свой пункт гледжання, а ўсе іншыя акты з’яўляюцца падзаконнымі.

Гарадзенец Антон Вайцехаў лічыць, што суд гэтымі 10 суткамі хоча яго нечаму навучыць:

– Суд, канешне, абсалютна незаконны. Ён парушае як мае канстытуцыйныя правы, так і сам закон. Усе мае довады не былі прынятыя судом, затое прынятыя сведчанні міліцыянтаў, якія блыталіся і гаварылі нейкую ерась. Але гэта ўсё увайшло ў справу, а прынятая судом пастанова, як навука мне, каб  паказаць, вось, маўляў, што мы можам з табой зрабіць.

Мікола Салянік з’яўляецца інвалідам трэцяй групы і яму ў ізалятары будуць патрэбныя лекі, а Антон Вайцехаў ужо звязаўся з роднымі, каб яму ў бліжэйшыя дні перадалі перадачу.

***

У судзе Ленінскага раёна Гародні працягваецца судовы канвеер над грамадскімі актывістамі. Кіраўніка партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзіма Саранчукова абвінавачваюць у тым, што ён раздаваў двум хлопцам улёткі і тым самым заклікаў на акцыю, якую не дазволілі гарадзенскія ўлады. Суд вядзе суддзя Наталля Козел, якая шматразова судзіла грамадскіх актывістаў.

Вадзім Саранчукоў сцвяржае, што з гэтымі хлопцамі ён не знаёмы і ніякіх ўлётак 7 сакавіка не раздаваў.

– Відавочна, што справа сфабрыкаваная. І зараз сведкі, заяўленыя міліцыяй, губляюцца ў паказаннях. Адзін з іх кажа, што нічога не бачыў, хоць у тлумачэннях падпісаўся, што нібыта я выдаў яму гэтыя ўлёткі. Цяпер на судзе ён нічога не памятае. Відавочна, справа сфабрыкаваная. На розум юрыста, суд павінен закрыць справу з-за недаказанасці і адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння. Але рашэнне, відавочна, будзе палітычным.  

Cуд на гарадзенцам Антонам Войцехавым пачаўся са спазненнем, бо хлопцу нават не далі азнаёміцца са складзеным на яго пратаколам, і сведкі-міліцыянты блыталіся ў паказаннях:

– У сваіх паказаннях яны губляліся. Адзін з іх сказаў, што 15 чысла я кантактаваў з Саранчуковым на гэтай плошчы. Хоць усе мы ведаем, што Саранчукоў у гэты час знаходзіўся на сутках. Яны не маглі назваць дакладны час, калі я там быў. Увесь час спасылаліся на відэакамеры, то бок самі ні за чым не назіралі і не могуць быць сведкамі. Але яны ўсё роўна выступаюць сведкамі з судзе.

Абвяшчэнне прысуду па справе Саранчукова і Войцехава адбудзецца ў Гародні пасля 14:00.

Яшчэ адзін гарадзенец Мікалай Салянік на суд не з’явіўся, паколькі нават не ведаў пра разгляд яго адміністрацыйнай справы.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня