Гарадзенцы штодня збіраюцца на плошчы Леніна, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў і гвалтоўнымі дзеяннямі сілавых структур падчас мірных акцый пратэсту.
Зараз прыехала машына з гукаўзмацняльнікам і папярэджвае, што мітынг несанкцыянаваны. Людзі крычаць: „Забойцы!” і не разыходзяцца.
Нягледзячы на дождж, на плошчы сабралася каля 3 тысяч чалавек. Людзі скандуюць :”Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”
Сёння ўлады разабралі сцэну і не далі падключыць гукаўзмацняльную апаратуру. І не сталі справаздачыцца перад народам як учора і як абяцалі. З міліцэйскіх машын усё больш настойліва патрабуюць пакінуць плошчу.
Гэта толькі пераканала ўдзельнікаў мітынгу і страйкоўцаў, што трэба збірацца штодня. Некаторыя прапануюць апранацца не ў белае, а ў чорнае – знак жалобы па загінулых і пакалечаных ахвярах бесчалавечага рэжыму.
Стала вядома, што ў Гародні выпусцілі ўсіх затрыманых падчас пратэстаў. Прадпрымальнік Васіль Яварчук, які займаўся спісам затрыманых, паведаміў, што сёння вызвалілі Дзмітрыя Ціта, давераную асобу Святланы Ціханоўскай. Па ягоных звестках, яшчэ аднаго затрыманага Сяргея Рымшу выпусьцілі з ізалятару некалькі дзён таму, але дакладнай інфармацыі пра апошняга, як і сувязі з ім, няма.