У Гародні працягваюцца рэпрэсіі (абноўлена)
У Гародні сілавыя структуры працягваюць запускаць рэпрэсіўны канвеер. Увечары 19 сакавіка стала вядома, што міліцыя пачала яшчэ дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да прысутных на мірным сходзе ў Дзень Канстытуцыі ў Гародні 15 сакавіка.
Гарадзенскаму грамадскаму актывісту і праваабаронцу Эдварду Дмухоўскаму тэлефанаваў старэйшы лейтэнант Аляксей Вайцешка і паведаміў, што на яго складзены адміністрацыйны пратакол.
Яшчэ раней позву ў Ленінскі РАУС на 10 гадзін раніцы 20 сакавіка атрымаў гарадзенец Віталь Дзюк. 15 сакавіка ён быў на плошчы Гародні з бел-чырвона-белым сцягам.
На дзень раней паведамілі пра новыя адміністрацыйныя пратаколы Антону Вайцехаву і Мікалаю Саляніку, якіх ужо судзілі 14 сакавіка і засудзілі да штрафаў. Да Мікалая Саляніка міліцыянты прыехалі ў шпіталь, дзе ён ляжыць з пнеўманіяй. Калі адбудзецца новы суд над пенсіянерам, які выступаў на плошчы 15 сакавіка, у такой сітуацыі невядома
22-х гадовы Віталь Дзюк быў запрошаны ў Ленінскі РАУС, дзе яму быў уручаны адміністрацыйны пратакол.
Кажа Віталь Дзюк:
— Ну распісаліся там. Сказалі, каб больш не ўдзельнічаў. Дадауць павестку ў суд. Сказалі, што пазвоняць.
Грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі на якога таксама быў выпісаны адміністрацыйны пратакол лічыць такія пратаколы незаконнымі.
— Пратаколы складзены на мяне, на іншых людзей. Я лічу, што гэта абсалютна незаконна. Акцыя была мірная, праходзіла ў Дзень Канстытуцыі. Цікава, што ў гэтай акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі Гарвыканкама, тыя начальнікі. Яны выйшлі да людзей, пагаварыць з імі. Цікава, іх будуць выклікаць у суд за ўдзел ці не. Прадстаўнікі улады папросту справакавалі, яны паставілі вялікую колькасць грамадзян па-за законам калі не дазволілі акцыю .
Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў лічыць пратаколы парушэннем Канстытуцыі і міжнародных актаў.
— З гледзішча праваабаронцаў усё гэта падобнае да абсурду, але мы разумеем, што на сённяшні момант сілавыя структуры, у тым ліку і міліцыя, пра якую мы сёння гаворым, у тым ліку і суды, — гэта абслуга сённяшняй улады. Эдвард Дмухоўскі сказаў два словы, а прадстаўнікі выканкама гаварылі на мітынгу цэлыя прамовы. Калі ласка, калі вы лічыце, што як чалавек сказаў слова на мітынгу, дык яго трэба арыштаваць, чаму ж тады тых не арыштоўваюць?
Актывістаў чакае суд, у які іх абяцалі выклікаць павесткай. Дата суда пакуль невядомая.
Напомнім, што 14 сакавіка ў Гародні адбылося 12 карных працэсаў па адміністрацыйных справах грамадскіх актывістаў за ўдзел у маршы недармаедаў, які прайшоў у Гародні 19 лютага. Трое з падсудных – Вадзім Саранчукоў, Ежы Грыгенча і Сяргей Верамеенка былі засуджаны да адміністрацыйнага арышту ад 13 да 15 сутак, іншыя – аштрафаваныя.
А 16 сакавіка на 13 сутак адміністрацыйнага арышту ў Гародні зняволілі Аляксандра Лаўрэнцьева.
Беларускае Радыё Рацыя