У Гародні прэзентавалі каляндар незалежнай журналістыкі



У Гародні на сходзе мясцовай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў прэзентавалі перакідны каляндар прысвечаны гісторыі незалежнай журналістыкі ў горадзе. 

Каляндар, які мае назву „Думай. Гавары. Пішы. Не бойся”, распавядае пра больш чым 30-гадовую гісторыю незалежнага друку. Пра выданне распавядае старшыня гарадзенскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Корсун:

– Такая праца па захаванні гісторыі незалежнай беларускай журналістыкі. Я думаю, што ёй сістэматычна, сур’ёзна займаюцца толькі адны гарадзенцы. Я лічу гэта вельмі вартым, бо вельмі важна памятаць і ганарыцца тымі падзеямі, якія адбываліся ў 1990-х гадах, калі рукамі журналістаў сапраўды стваралася гісторыя, будавалася новая краіна. Сёння, калі маладых журналістаў запытаць наконт нейкіх падзей, нейкіх асобаў, яны маглі нешта такое чуць, але часцей за ўсё яны гэтага не ведаюць. Вырасла новая генерацыя, у прафесію прыйшлі новыя людзі, якія не вывучаюць гэтага ва ўніверсітэтах.

Журналіст “Народнай Волі” Міхал Карневіч кажа, што каляндар паказвае працу журналіста:

– Звязаны з маёй прафесійнай дзейнасцю, прычым стваральнікі гэтага календара спрабавалі паказаць гісторыю незалежных СМІ. У гэтым ёсць яго адметнасць.

На сустрэчы прысутнічалі журналісты з колішніх выданняў „Пагоня” і „Біржа Інфармацыі”. Маладыя калегі маглі пераняць досвед майстроў медыя ў прыватных размовах.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня