У Гародні прэзентавалі кнігу пра адраджэнца Зміцера Кіселя
У „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні прайшла прэзентацыя кнігі „Адзін з першых” памяці беларускага патрыёта Зміцера Кіселя. Яму магло б споўніца 55, але ён пакінуў гэты свет заўчасна ў 42 гады. Яго прыгадалі Данута Бічэль, Андрэй Мельнікаў, Мікола Таранда ды інш.
Кніга стала лепшым спосабам увекавечыць памяць пра Зміцера Кіселя, які плённа працаваў на ніве беларушчыны. Кажа арганізатар прэзентацыі Уладзімір Хільмановіч:
– Добра, што яна выйшла ўрэшце дзякуючы такім асобам, як Віктар Сазонаў, Павел Мажэйка, Янка Трацяк. Першасная ідэя была Яўгена Вапы, каб памяць пра нашага сябра і адраджэнца Зміцера Кіселя была ўшанавана кнігай. Сам Кісель быў заўсёды за тое, каб ушаноўваць ветэранаў адраджэння, знакавых асобаў. Дзякуючы яму ўстанавілася традыцыя ўшанавання дня памяці Ларысы Геніюш у Зэльве. Ён закладаў традыцыю Дня памяці паўстанцаў 1863 года.
Кнігу ўклалі гарадзенскія і беластоцкія літаратары ды журналісты ў кніжнай серыі „Гарадзенская бібліятэка”. На яе прэзентацыю прыйшло каля трох дзясяткаў асобаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня