У Гародні прэзентавалі новыя мапы й старыя гравюры
У Гарадзенскім „Цэнтры гарадзкога жыцця” адбылася прэзентацыя мапаў, якія ствараюцца інтэрнэт-парталам Гродна.лайв, а таксама праектам, якія вывучае і вяртае ў Беларусь старажытныя выявы Гародні. Сёлета вельмі плённа папрацавала майстэрня Imago. Дзякуючы ёй гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей атрымае дакладную копію гравюры 16-га стагоддзя. Пра гэтую першую выяву Гародні, якой сёлета спаўняецца 450 гадоў распавёў Аляксандар Перагудаў:
— Каб нарэшце ў беларускіх зборах была гэтая выява, выява Гародні 1567 года. Мы былі вельмі ўсцешаны, калі заўважылі вялікую зацікаўленасць грамадства да нашага праекту, паколькі больш за 70 асоб падтрымалі наш праект фінансава. Мы заўважылі вялікую зацікаўленасць грамадства і неабыякавасць да помнікаў нашай культуры.
Гравюра прызнана шэдэўрам мастацтва таго часу. І ў поўным выглядзе не экспанавалася ў Беларусі. Яшчэ адзін цікавы адмысловы праект прапанавала гарадзенцам Ірына Новік, супрацоўніца парталу Гродна.лайв. Распрацаваная дызайнерская мапа Гародні мае шырокі фокус для спажыўцоў, ад замежных турыстаў, да людзей, якія шукаюць цікавыя мясціны беларускай гісторыі ў абласным цэнтры. Кажа Ірына Новік:
— У мінулым годзе мы зрабілі інтэрактыўную мапу анлайн і папяровую, а сёлеат наша мапа прыйшла на цішоткі, і я спадзяюся, што яна будзе падарожнічаць далей. Ідэя была ў тым, каб гэтая мапа была заўсёды з сабой і зрабіць гарадзенскі сувенір, які можна было б не толькі павесіць на лядоўню, але і надзець на сябе.
Прэзэнтацыя мапаў і гравюр прайшла ў рамках гарадзенскіх курсаў „Мова Нанова Гародня”.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя