У Гародні пройдзе акцыя супраць інтэграцыі з Расеяй (абноўлена)



Палітык, прадстаўнік БНК па Гарадзеншчыне  Мікалай Салянік анансаваў у сябе ў фейсбуку акцыю ў падтрымку незалежнасці і дзяржаўнасці, якая адбудзецца 15 снежня а 15-й гадзіне на старым мосце ў Гародні.

Па словах палітыка, Гародня – гэта апошні рубеж:

– Паважаныя сябры, мы вас вельмі запрашаем прыняць удзел у гэтай акцыі таму, што мы неабыякавыя людзі. Бо пагроза насамрэч існуе – пагроза суверэнітэту і дзяржаўнай самастойнасці нашай з вамі краіны.

На думку палітыка, ён не ведае як на акцыю зрэагуе ўлада Гародні:

– Ведаеце, самае апошняе, што можна рабіць, – гэта рабіць прагнозы. Але я думаю, што ўлады не настолькі недалёкія, каб зрабіць штосьці такое супрацьпраўнае, бо мы гэтай акцыяй хочам паказаць, што мы – за незалежнасць. А нашыя ўлады заўсёды казыраюць гэтым і кажуць, што мы – незалежная самастойная дзяржава. Мы насамрэч нічога кепскага не збіраемся рабіць.

Па словах Мікалая Саляніка, ён будзе рады бачыць на акцыі ўсіх гарадзенцаў розных палітычных поглядаў і з рознай сімволікай, як з нацыянальным, так і з дзяржаўным сцягам.

***

Гарадзенскі актывіст Мікалай Салянік запрашае гарадзенцаў 15 снежня ўзяць удзел у акцыі «Ланцуг салідарнасці»  ўздоўж ходнікаў Старога моста праз Нёман і на адыходзячых ад яго вуліцах. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Акцыя ў падтрымку незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачнецца а 15:00.

Беларускае Радыё Рацыя