У Гародні пройдзе беларуская дыктоўка



Дзясятая гарадзенская дыктоўка пройдзе ў гэты чацьвер, 6-га ліпеня. Мерапрыемства адбудзецца а 18.30, па адрасе вуліца Будзёнага 48А, у вялікай залі ўнутранага дворыка. Яе будзе чытаць прафесар Аляксей Пяткевіч. Тэкст дыктоўкі будзе прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадруку.

Кажа Эдвард Дмухоўскі, арганізатар беалрускай дыктоўкі:

– Традыцыйна дыктоўку мы праводзім вясной, да Дня беларускай незалежнасці 25 сакавіка. У гэтым годзе ў сувязі з вядомымі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі і ў Гародні ў прыватнасці, шмат людзей было арыштавана. Яны адбывалі розныя тэрміны пакарання. Таму немагчыма было правесці дыктоўку своечасова. Яна адкладвалася, адкладвалася, і зараз адкладваць ужо няма куды.

На дыктоўку запрашаюцца ўсе жадаючыя, каму неабыякавыя родная мова і Беларусь. Уваход вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня