У Гародні пройдзе фэст настольных гульняў
Агульнабеларускі фэст настольных гульняў пад назвай «Гульнякуб-2015» пройдзе ў гарадзенскім цэнтры «Галактыка» 24-25 кастрычніка. На імпрэзе прадставяць больш за дзве сотні настольных гульняў – ад дзіцячых да стратэгічных, у якія трэба гуляць вялікімі камандамі. Адным з арганізатараў вялікай імпрэзы з’яўляецца аўтар папулярнай беларускай гульні «Паўстанцы» Антон Янкоўскі:
– Гэта фестываль, які становіцца ўжо традыцыйным для Гародні. Нават для ўсёй Беларусі. Гародня становіцца, а ў хуткім часе, спадзяёмся, замацуе за сабой статус сталіцы настольных гульняў Беларусі. Гэта два дні бескаштоўных гульнятэк, прэзентацый. Да нас прыедуць госці, прывязуць нейкія навінкі. Пройдуць турніры, будзе адмысловая дзіцячая пляцоўка з рознымі вясёлымі адукацыйнымі гульнямі. Можна будзе проста прыйсці, знайсці сабе чалавека, каб зайграць у знаёмую настольную гульню.
Мінулагодні фэст сабраў у горадзе над Нёманам некалькі соцень удзельнікаў. Арганізатары сёлетняга мерапрыемства плануюць паказаць гарадзенцам шмат новых гульнявых распрацовак і пазнаёміць гульцоў з аўтарамі настольных гульняў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня