“Жыццё пасля анкадыягназу”: стварэнне групы самадапамогі (абноўлена)
У гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Карскага адбылася сустрэча “Жыццё пасля анкадыягназу”. Спатканне, што прайшло ўпершыню ў абласным цэнтры, сабрала некалькі дзясяткаў чалавек: лекараў і анкапацыентаў, грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый гораду.
Для каго патрэбныя такія сустрэчы распавядае адзін з арганізатараў – дырэктарка сацыяльна-асветніцкай установы “У імя жыцця” Ірына Жыхар:
– Такімі сустрэчамі мы імкнемся прыцягнуць увагу людзей да таго, што анкадыягназ – не прысуд, як гэта было 10-20 гадоў таму. Але гэта сур’ёзны выклік для чалавека, і каб з ім справіцца, мала высілкаў толькі лекараў. Вельмі важны ўдзел самога пацыента.
Загадчыца анкадыспансерным аддзяленнем Гарадзенскай абласной клінічнай бальніцы Ларыса Саўко:
– Мы лечым хворага, лечым усімі магчымымі спосабамі. Але ў нас не заўсёды ёсць час, каб заняцца ягоным псіхалагічным станам, бо для чалавека – гэта вялікі стрэс.
Хворыя на рак на сустрэчы дзяліліся гісторыяй сваёй хваробы, а Ірына Жыхар прадставіла прысутным кнігі, па якіх лячылася ад раку сама. Таксама на сустрэчы можна было паспрабаваць завараную Ірынай зялёную гарбату.
А з пачаткам сустрэчы на першым паверсе бібліятэкі адкрылася фотавыстава „У імя жыцця”, якая з’яўляецца сумесным праектам фатографа і музыкі Андрэя Барылы і анкапацыенткі Ірыны Харытончык.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
У гарадзенскім Новым замку адбудзецца сустрэча пад назваю “Жыццё пасля анкадыягназу”. На сустрэчу запрошаны лекары і анкапацыенты, грамадскія актывісты і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый горада, што займаюцца хворымі з дыягназам “рак”.
Для каго патрэбная такая сустрэча – распавядае адзін з арганізатараў, дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Шульга.
– Для ўсіх тых, хто зацікаўлены ў развіцці і стварэнні новых форм дапамогі людзям з анкалогіяй. Таму мы сабралі спецыялістаў, лекараў, псіхолагаў і ўсіх зацікаўленых, каб разам з пацыентамі аб’яднаць нашыя сілы і стварыць новую форму працы для анкахворых. Мы плануем, што гэта будуць групы самадапамогі.
На сустрэчы можна будзе пачуць выступ Уладзіміра Кеды, намесніка галоўнага лекара па анкалагічнай дапамозе УЗ „Гарадзенская абласная клінічная бальніца. Ён раскажа пра сучасныя стандарты і перспектывы дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі анкапацыентаў на Гарадзеншчыне. Апроч гэтага, падчас сустрэчы пачне працу фотавыстава „У імя жыцця”, якая з’яўляецца сумесным праектам фатографа і музыкі Андрэя Барылы і анкапацыенткі Ірыны Харытончык.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня