У Гародні пройдзе свята танца



Свята танца пройдзе ў Гародні 29 красавіка.

Арганізоўвае яго творчая ініцыятыва „Дома 46” – пляцоўкі, дзе танцоры ўжо некалькі гадоў праводзяць навучанне танцам розныя ўзроставыя групы людзей. Менавіта 29 красавіка пройдзе выступ танцораў у малой зале гарадзенскага драмтэатра. Пра гэта кажа акторка Яўгенія Рамановіч

– Мы прывязем каманды з Віцебска, Менска. Будуць паказаны новыя, свежыя працы з Гародні. Гэта такі момант узаемадзеяння публікі і танцораў. Таксама мы хочам прапанаваць нашым гасцям цікавы інтэрактыў, калі яны могуць выходзіць на сцэну. Яшчэ мы хочам запрасіць на імрэзу, якая таксама будзе прысвечана танцу. Яна пройдзе ў “Доме-46”. А на наступны дзень у нас будзе таксама цікавы эксперымент – шасцігадзінныя майстар-класы.

Запрашаюцца ўсе аматары танца. На майстар-клас арганізатары просяць узяць з сабой мяккі абутак.

29 красавіка – Міжнародны дзень танца, які прыняла UNESCO ў гонар французскага танцора Жана Жоржа Навэра – балетмайстра, харэографа, пачынальніка сучаснага балета. 

Яўгенія Рамановіч – выпускніца Акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці акцёр тэатра лялек. Танцамі займаецца з дзяцінства. Вучылася ў дзіцячай студыі танца „Фолюш-балет” пад кіраўніцтвам педагогаў Вікторыі Бальцэр і Аляксандра Цебянькова. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня