Гарадзенскі “Біг-Міні-Фэст” шукае фінансавую падтрымку
За паўтара месяца да правядзення гарадзенскага фэсту вулічнага мастацтва яго арганізатары шукаюць фінансавай падтрымкі сярод гарадзенцаў і жыхароў Беларусі. Каб прывесці ў Гародню артыстаў з розных краін, патрэбна каля 600 даляраў, і гэтую суму жадаюць сабраць праз краўдфандынгавую пляцоўку ulej.by.
Пра праблемы фэсту распавядае яго піяр-менеджар Сяргей Іваноў:
– Мы на краўдфандынгавай пляцоўцы размясцілі наш праект, каб усім светам, а не толькі гарадзенцамі, фінансава падтрымаць гэты фестываль, каб мы маглі прывезці артыстаў не толькі з усёй Беларусі, але і з Еўропы, Расеі ды Украіны.
Пра асаблівасці сёлетняга фэсту вулічных тэатраў распавядае яго стваральніца Наста Роўба:
– У гэтым годзе фестываль адрозніваецца ад папярэдніх тым, што мы чакаем большага наплыву замежных гасцей, артыстаў, з якімі цяпер вядуцца перамовы. Таксама зменіцца музычная пляцоўка – яна будзе перанесена ў цэнтр горада. Мы арганізоўваем фуд-корт, чаго не было ў папярэднія гады. Мы запрашаем з усёй краіны кафэ на колах і плануем размясціць іх на Савецкай плошчы.
Фэст вулічных тэатраў будзе адбывацца ў Гародні 29-30 ліпеня 2017 года ў цэнтры горада і адкрыецца вялікім тэатральным шэсцем артыстаў з розных краін свету. За два дні госці фэсту змогуць не толькі пабачыць амаль дзве сотні артыстаў, але і паўдзельнічаць у розных майстар–класах тэатральнага мастацтва.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня