У Гародні прыгадалі паэтку Наталлю Арсенневу
У Гародні адзначаецца 115-я гадавіна з дня нараджэння беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Ужо прайшла першая імпрэза для слухачоў Універсітэта Залатога Веку.
Пры аншлагу выступілі паэты, музыкі, літаратурныя крытыкі Гародні і Гарадзеншчыны. Многія ўдзельнікі імпрэзы ўпершыню пачулі пра лёс і творчасць славутай паэткі.
– Не ведала. Атрымала вялікае задавальненне.
– Вось мы ідзём, абмяркоўваем, вельмі спадабалася, цікава.
– Не ведалі.
– Чула яе некаторыя вершы, але не ведала, што яна была ў эміграцыі.
Творчая спадчына Арсенневай ацэньваецца крытыкамі вельмі высока. Яе пяру належыць гімн „Магутны Божа”, на шэраг вершаў напісаны папулярныя песьні і вальсы, яна пісала лібрэты на оперы і перакладала з іншых моваў. Кажа літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч:
– Яна была прыгожай. Найперш талент. Зразумела, што самы першы складнік – прыгажосць, знакавасць і класічнасць паэзіі. Мы ж разумеем генетычны ўзровень – з роду Лермантава, гэта ж таксама вельмі важна. Яе адукацыя – класічная гімназія, яе Віленская беларуская гімназія і канешне вялікая самаадукацыя. Яна заўсёды імкнулася ісці ў нагу з часам.
Працяг святкавання 115-й гадавіны з дня народзінаў Наталлі Арсенневай пройдзе ўвечары, а 19-й гадзіне ў „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня