У Гародні расследуецца крымінальная справа за DoS-атакі
У Гародні расследуецца крымінальная справа аб блакаванні шэрагу сайтаў у Беларусі і за мяжой.
Як паведаміў Следчы камітэт, 15 верасня гэтага года двое 23-гадовых маладых людзей шляхам ажыццяўлення DoS-атакі на інтэрнэт-сайт аднаго з гандлёвых цэнтраў Гародні заблакавалі доступ да інфармацыі, якая змяшчаецца на сайце.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, падазраваныя здзяйснялі аналагічныя DoS-атакі і на іншыя сайты. Цяпер правяраюцца звесткі аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні больш як да 20 інтэрнэт-рэсурсаў розных арганізацый у Беларусі і за мяжой.
Паводле слоў падазраваных, асноўнай іх матывацыяй была праверка сваіх здольнасцяў і навыкаў, а таксама ўразлівасцяў пэўных інтэрнэт-рэсурсаў. Маладыя людзі навучаюцца ў ВНУ па спецыяльнасцях, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Следчы камітэт нагадвае, што за наўмыснае знішчэнне, блакаванне, прывядзенне ў непрыдатны стан камп’ютарнай інфармацыі або праграмы, вывад са строю камп’ютарнага абсталявання, разбурэнне камп’ютарнай сістэмы, сеткі або машыннага носьбіта прадугледжана адказнасць па арт. 351 Крымінальнага кодэкса, максімальнае пакаранне па якім складае 10 гадоў пазбаўлення волі.
belapan.by