У Гародні размаўлялі пра брэнд горада
„Брэнды Гародні: паміж ідэнтычнасцю і іміджам” – такую назву мела сустрэча, якая сабрала ў Цэнтры гарадскога жыцця паўсотні жыхароў горада.
Мастак Сяргей Грыневіч упэўнены, што галоўным брэндам Гародні з’яўляецца сам горад.
– Знешні антураж горада, візуальны шэраг гэтага горада, бо ён адметны, калі параўноўваць з рэштай нашай краіны. Гэта адзначаюць усе. І канешне ж людзі. Я таму тут і жыву, бо людзі, шмат сяброў, якія таксама адрозніваюцца ад іншых гарадоў. Больш трэба захоўваць, а не перашкаджаць развівацца натуральным чынам гораду. Я вельмі не люблю такога штучнага ўпрыгожвання і бутафорыі, штучнай інтэрвенцыі ў натуральнае жыццё горада.
На думку вядоўцы сустрэчы мастака Алеся Сурава, сустрэча стане пачаткам інтэлектуальнага клуба для ўсіх гарадзенцаў.
– Выпрацуецца ў вельмі салідны клуб інтэлектуалаў, які, можа, пасля будзе ўплываць на ўсё, што адбываецца ў гэтым горадзе ў плане культуры, увогуле знешнія і ўнутраныя праявы гэтага горада. То бок гэта будзе ўплывовы цэнтр.
Сустрэча адбывалася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”, і яе працягам будзе пасяджэнне інтэлектуальнага клуба ў студзені 2019 года.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня