У Гародні размаўлялі пра смяротнае пакаранне



Сустрэча-дыскусія з кіраўніком кампаніі Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання Андрэем Палудам у „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні сабрала некалькі дзясяткаў асобаў.

На думку праваабаронцы, дыскусія сапраўды была гарачай, бо былі прадстаўленыя думкі як за, так і супраць смяротнага пакарання:

– Для мяне вельмі важным было тое, што тут былі людзі, якія выказвалі аргументы за і супраць смяротнага пакарання. У нас сапраўды атрымалася вельмі сур’ёзная дыскусія, што таксама вельмі крута, як на мой погляд. Я быў тут у кастрычніку ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, я бачу абсалютна новых людзей, што вельмі цікава і важна мы гаварылі пра смяротнае пакаранне зусім з іншымі.

На думку гарадзенскага праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча, тэма смяротнага пакарання вельмі актуальная ў Беларусі:

– Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі важная не толькі таму, што мы апошняя краіна, якая пакінула гэта ў заканадаўстве, а таму, што яна датычыць кожнага чалавека, таму што невядома куды будзе развівацца палітычны рэжым. Сёння па 11-ці артыкулах, для катэгорыі забойцаў, а заўтра можа быць ужыта да людзей за тое, што яго назавуць „ворагам народа”. Гэта вельмі актуальна, тым больш тэндэнцыя такая, што ўсё больш людзей супраць смяротнага пакарання, таму такія сустрэчы важныя асабліва для моладзі, для тых людзей, якія будуць вызначаць будучыню гэтай краіны.  

Дыскусія з Андрэем Палудам адбылася ў межах курсаў „Мова Нанова Гародня”. Апроч дыскусіі праваабаронца прадставіў тэматычную фотавыставу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня