У Гародні размаўлялі пра Вікіпедыю



На гарадзенскіх курсах “Мова нанова” размаўлялі пра тое, як стаць актывістам Вікіпедыі ці аўтарам беларускамоўнай версіі гэтай інтэрнэт-энцыклапедыі.

Для таго, каб пазнаёміць гарадзенцаў з умовамі друкавання і правіламі з’яўлення артыкулаў, у горад над Нёманам завітала вікі-актывістка з Менска Святлана Ермаковіч:

-Вікі-актывіст – гэта такая істота, якая не есць і не п’е, а сядзіць за камп’ютарам, нават на працы, і дома, замест таго, каб гадаваць дзяцей, піша артыкулы для Вікіпедыі, выпраўляе памылкі або піша скаргі, што хтосьці памыліўся, каб больш так не рабілі, ці дадае фотаздымкі. І я разглядаю менавіта беларускіх гікаў – людзей, якія рэдагуюць беларускую Вікіпедыю.

Вядоўца мерапрыемства Эмілія Комар лічыць, што падобныя сустрэчы вельмі патрэбныя ў розных гарадах і мястэчках Беларусі:

– Па-першае, мы заўсёды стараемся запрашаць нейкіх цікавых асобаў, асвятляць цікавыя тэмы і, безумоўна, папулярызаваць добрую справу. Вікіпедыя – гэта вельмі карысная рэч, усе карыстаюцца ёю. Але, магчыма, мала хто ведае, як стаць часткай гэтай супольнасці, гэтага праекта. І раптам сёння нехта натхніцца, паслухае, прыйдзе ўвечары дадому і вырашыць напісаць суперартыкул.

Сустрэча паказала, што ў беларускай Вікіпедыі ёсць шмат цікавых момантаў, якія могуць быць цікавыя жыхару Беларусі для ведання краіны, роднага горада і нават асобаў, што жывуць побач.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня