У Гародні размаўлялі пра беларускую мову і царкву
У Гародні па ініцыятыве менскага брацтва ў гонар віленскіх мучанікаў і свята Барысаглебска-Каложскага брацтва адбылася дыскусія “Беларуская мова і царква. Культурны, сацыяльны і духоўны аспекты.” Удзел у мерапрыемстве ўзялі каля ста прадстаўнікоў духавенства і грамадства.
Тэма, якая абмяркоўвалася на сустрэчы, на думку айца Георгія Роя, стала запатрабаваннем часу, а сама дыскусія – карысным дыялогам паміж вернікамі і святарамі:
– Сапраўды, дыскусія, а мы ўжо гэта можам канстатаваць як факт, адбылася цікавая, насычаная. Думаю, што першы досвед быў станоўчы. Будзем планаваць такія рэгулярныя сустрэчы.
Пратаіерэй Сяргей Гардон, свяшчэннік Менскага Свята-Духава кафедральнага сабора, прафесар Менскай духоўнай акадэміі:
– Праблема ў тым, што для многіх беларуская мова гучыць ужо як не свая мова, як не родная. Вось у гэтым асноўная праблема. Кожны нармальны свядомы беларус і, калі мы гаворым пра царкву, – кожны святар і праваслаўны хрысціянін, як грамадзянін, павінен усведамляць сваю адказнасць за сваю краіну, грамадства, народ і, безумоўна, за царкву. Мы, канешне, мусім працаваць і выхоўваць людзей у любові і павазе да сваёй мовы, свайго народа і сваёй гісторыі.
Падчас дыскусіі “Беларуская мова і царква. Культурны, сацыяльны і духоўны аспекты” абмяркоўваліся і справы праваслаўнай царквы ў галіне выдавецкай беларускамоўнай дзейнасці. Было падкрэслена, што рэлігійная літаратура на роднай мове даволі шырока прадстаўлена ў жыцці праваслаўных вернікаў, а яе запатрабаванасць больш залежыць ад саміх вернікаў, чым ад выдаўцоў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня