У Гародні развіталіся з Ігарам Жуком
Развітанне сяброў, калегаў, вучняў з прафесарам Ігарам Жуком прайшло ў зале развітанняў, што на праспекце Касманаўтаў Гародні.
Сотні кветак, дзясяткі вянкоў прынеслі гарадзенцы, каб правесці Ігара Жука ў апошні яго шлях. Некаторыя яго былыя студэнты ля труны зачыталі прысвячэнні яму як любімагу прафесару. Калегі згадалі яго якасці і навуковыя здольнасці. Прафесар Мікалай Даніловіч згадвае, як Ігар Жук быў запатрабаваны часам у кароткі адрэзак беларусізацыі пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
– Па ўсіх якасцях – і інтэлектуальных, і навуковых – ён падыходзіў да пасады дэкана. І гэта было заўважана кіраўніцтвам універсітэта. І яму прапанавалі быць дэканам факультэта беларускай філалогіі і культуры, тады быў створаны такі факультэт. Ігар Васільевіч цалкам, з галавой акунуўся ў справу фармавання гэтага факультэта.
Пра талент літаратурнага крытыка выказаўся старшыня абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.
– Літаратар, пісьменнік нацыянальнага маштабу. Такія людзі заўсёды пакідаюць пасля сябе след і працы, якія мы будзем вывучаць яшчэ доўгія-доўгія гады. І менавіта вось такія людзі, які Ігар Васільевіч, паміраюць менавіта ад сэрца. Бо ён заўсёды перажываў, усё глыбока бралася да душы. Калі ўступаюць у Саюз маладыя пісьменнікі, ён пра кожнага ўсё ведае, што яны пісалі і па 10, і па 20 гадоў. Усё гэта праходзіць праз сэрца, праз душу.
Паніхіда за супакой прайшла ў Свята-Пакроўскім праваслаўным саборы Гародні, а пахаваны Ігар Жук у вёсцы Гожа Гарадзенскага раёна.
[Not a valid template]
* * *
Яго імя не знікне, не сатрэцца,
Не змоўкне пад цяжарам чорных пліт.
Няхай спыніла ход слабое сэрца –
Імя не адыдзе яго ў нябыт.
Пакуль жывая памяць у нашчадкаў
І з вуснаў сыплюць пацеркі малітв, –
Ён будзе жыць, сачыць за намі ўкрадкам.
Імя не адыдзе яго ў нябыт.
Аліна Паўлоўская, студэнтка Ігара Васільевіча
* * *
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара