У Гародні развіталіся з Паўлам Сцяцко



Гарадзенскае грамадства развіталася з прафесарам Паўлам Сцяцко, выдатным беларускім філолагам, аўтарам каля 40 навуковых кніг, даследчыкам параўнаўчага мовазнаўства.

Ён пражыў 90 гадоў. Быў першым старшынём гарадзенскай абласной Рады Таварыства Беларускай мовы ад моманту яе заснавання.

Ад арганізацыі Таварыства беларускай мовы згадвае яго прафесар Аляксей Пяткевіч:

– Перш за ўсё, ён сапраўдны беларускі патрыёт. Гэта вельмі важная чалавечая заслуга. І ён такім выгадаваным быў, радзіма яго – Зельвенскі раён. Такая сям’я была, такім ён вырас, такім я яго ведаў з самага пачатку яго лёсу ў Гародні. Калі ён скончыў наш педінстытут, быў пакінуты працаваць на кафедры мовы. Ён быў здольным студэнтам, і вось яго пакінулі працаваць.

У час, калі беларуская мова, дзякуючы яе лепшым носьбітам, была ўзнятая да статусу адзінай дзяржаўнай, прафесар Павел Сцяцко актыўна працаваў у Гомелі, Гародні, а з 1990 года ўзначаліў кафедру беларускай культуры ў Купалаўскім універсітэце.

Кажа Аляксей Пяткевіч:

– Як вучоны, як асоба Сцяцко быў вядомы не толькі ў нас, на сваёй радзіме. Гэта быў агульнабеларускага маштабу даследчык, спецыяліст, якога ведалі, якога паважалі, і кнігі якога былі для вельмі многіх у галіне беларускай мовы апорай, падтрымкай.

Павал Сцяцко быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2017 года. Стойка бараніў беларускую лексіку ад чужынскіх наносаў, перш – расейскіх. Пахаваны на могілках Аульс.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя