У Гародні развіталіся з Сямёнам Домашам



Яго, як былога кіраўніка Лідcкага, Гарадзенскага гарвыканкама і аблвыканкама, згадваюць цёплымі словамі. Менавіта ў часы „перабудовы” на займаемых пасадах ён праявіў свае добрыя якасці. Пры ім беларуская мова заваёўвала дзяржаўны статус на Гарадзеншчыне.

Кажа Аляксандр Мілінкевіч:

– І вось як паступае сапраўдны стратэгічны лідар. Можна збіраць планёркі, даваць інструкцыі, кантраляваць колькі працэнтаў. Ён прыходзіць на планёрку і кажа: „Хлопцы, вы ў якіх школах вучыліся?”. „Як у якіх?”. „Па-беларуску вучыліся?”. Большасць кажа: „Канешне”. „Вось давайце, калі мы хочам, каб беларуская мова жыла, пачнем весці планёркі па-беларуску”. „Ты, Валодзя, вучыўся ў Навасібірску, ты можаш пакуль што па-расейку, а з часам навучышся”.

Дзякуючы такому падыходу на пачатку 90-х гарадзенцы ведалі, што беларусізацыя будзе, бо ўслед за кіраўніком ідуць падначаленыя. З разуменнем ён ставіўся і да інтарэсаў польскай нацыянальнай меншасці на Гарадзеншчыне, дапамог „Саюзу палякаў на Беларусі” адкрыць польскую школу ў Гародні. Прыгадвае першы старшыня СПБ Тадэвуш Гавін:

– Ён вырашаў праблемы не толькі нашага польскага таварыства, але займаўся і беларускімі справамі. Тады ў Гародні ўжо было вырашана, якія школы будуць функцыянаваць з беларускай мовай навучання, якія з расейскай. Калі ён быў старшынём гарвыканкама, то ў першых класах ужо вучыліся на беларускай мове. Гэта быў светлы беларус, якога цяпер нам будзе не хапаць.

Сотні гарадзенцаў прыйшлі ў пахавальны дом па пр. Касманаўтаў, каб развітацца з Сямёнам Домашам. Яго пахавалі ў ганаровай частцы могілак „Сакрэт”. Яму было 69 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня