У Гародні развітаюцца з Мікалаем Бяспамятных



Развітанне з Мікалаем Бяспамятных пройдзе ў Гарадзенскім жалобным доме па праспекце Касманаўтаў. Труна з целам дацэнта гарадзенскага Купалаўскага ўніверсітэта  будзе знаходзіцца ад 13-й гадзіны. Пасля крэмацыі, імаверна, ён будзе пахаваны побач з бацькамі на могілках „Сакрэт”, што на праспекце Касманаўтаў.

Мікалая Бяспамятных, які памёр на 65 годзе жыцця,  згадваюць калегі, як чалавека высокай эрудыцыі і культуры. Нават беларускія ліцэйныя класы пачатку 90-х памятаюць яго курсы „Міфалогія”. Кажа былая дырэктарка гарадзенскай філіі Беларускага гуманітарнага культурнага цэнтра Святлана Маразевіч:

– Я толькі добрае пра яго магу сказаць, таму што ў яго быў дар выкладчыка. Ён міфалогію так выкладаў, што дзеці забываліся дыхаць. І дзве мае дачкі, якія ў яго вучыліся, з вялікай павагай  да яго ставіліся. Як і многія іншыя студэнты і вучні. І асабіста я заўсёды знаходзіла з ім паразуменне, шмат чаму ў яго навучылася. Таму што гэта быў чалавек вельмі добрых ведаў і шырокага кругагляду.

А краязнаўца Алесь Госцеў памятае Мікалая Бяспамятных, яшчэ калі той быў старэйшым школьнікам, а сам Алесь Госьцеў – студэнтам-фізікам.

– Гэта быў вельмі прыязны і кантактны чалавек, які надзвычай добра ставіўся да людзей, з якімі сутыкаўся. Я ніколі не чуў, каб ён пра нейкага нешта абразлівае сказаў. Заўсёды, калі ён сваю думку выказваў, яна была абгрунтаваная. Ён быў навукоўцам у вышэйшым сэнсе гэтага слова. І для мяне ён культуролаг найвышэйшага гатунку, спецыяліст па соцыякультурных праблемах нашай складанай сітуацыі на Гарадзеншчыне.

Мікалай Бяспамятных паходзіць з сям’і выкладчыкаў. Апошнія гады працаваў на кафедры сацыялогіі і спецыяльных  сацыялагічных дысцыплінаў. Падчас звальнення кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча за кнігу „Гродназнаўства” быў сярод падпісантаў на адрас рэктара ўніверсітэта, дзе пратэставаў супраць такіх рэпрэсіяў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня