27 верасня ў Гародні
27 верасня ў Гародні падчас спробы правесці мірную акцыю пратэсту адбыліся затрыманні грамадзян сілавікамі. Паводле “Гарадзенскай Вясны”, разгоны і хапуны былі надзвычай жорсткімі. Людзей вывозілі ў ІЧУ на Гая, куды, неўзабаве, прыехалі мінімум тры машыны хуткай дапамогі. На іх вывозілі з ізалятара ў бальніцы дзяўчат з фізічнымі пашкоджаннямі.
Агулам у Гародні ў нядзелю затрымана ня менш за 50 чалавек.
* * *
У канцы маршу частка людзей сабраліся пад Кастрычніцкім РАУС, дзе могуць быць затрыманыя. Некаторых з іх ужо адпусцілі. Іншыя затрыманыя застануцца ў ізалятары найменш да заўтра.
Пратэстоўцы размеркаваліся па вуліцах і дварах цэнтру. На Савецкую плошчу прыехаў аўтазак і мікрааўтобусы. Працягваліся кропкавыя затрыманні. Супраць пратэстоўцаў ужылі слезацечны газ.
Людзі перайшлі ў раён аўтавакзалу, за імі паехалі аўтазакі. Далей дзясяткі чалавек пайшлі па вуліцы Карла Маркса і вуліцы Сацыялістычнай. З балконаў іншыя людзі выкрыквалі „Жыве Беларусь!”.
У Гародні на вуліцы сярод іншых затрымалі ведамага грамадскага актывіста і публіцыста з Гародні Эдварда Дмухоўскага.
15.20. Затрыманыя журналісткі TUT.BY Вольга Камягіна і Кацярына Гардзеева. Праверыўшы журналісцкія пасведчанні, праз некаторы час іх адпусцілі.
15.00. Каля цэнтру „Галактыка” адбыліся сутыкненні паміж мірнымі пратэстоўцамі і карнікамі.
14.45. Каля „Галактыкі” затрымалі некалькі чалавек. У іх ліку галоўнага рэдактара сайту NewGrodno Ігара Бублікава.
14.20. У Гародні некалькі соцень чалавек сабраліся каля моладзевага цэнтру „Галактыка”, яны проста стаяць. Людзі кажуць міліцыянтам каб яны іх ахоўвалі.
Улады рыхтуюцца да „Народнай інаўгурацыі”. Савецкая плошча агароджаная, яе ахоўвае міліцыі ў форме.
Затрымалі машыну з бел-чырвона-белым сцягам у салёне.
Беларускае Радыё Рацыя