У Гародні сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць Дэкрэту №3
У Гародні паўтары тысячы подпісаў грамадзянаў, якія выступаюць за скасаванне неканстытуцыйнага Дэкрэту №3, адаслалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці ўладам краіны.
Гэта толькі першая партыя, якую адправілі праз пошту ва ўрад, Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі. Але збор подпісаў працягваецца, кажа Андрэй Ярмоленка, кіраўнік гарадзенскай гарадской філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
– Такая колькасць падпісантаў гаворыць пра тое, што людзі не згодныя, яны хочуць, каб гэты дэкрэт адмянілі. Тыя, хто падпісваўся, гавораць, што не разумеюць за што яны мусяць плаціць.
Увядзенне дэкрэту пра папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства – гэта цень таталітарнага мінулага, мяркуюць падпісанты звароту. Кажа прадстаўнік прафсаюза РЭП Васіль Корабаў, адзін з актывістаў збору подпісаў.
– Людзі адчуваюць сябе прыгоннымі, гэта па-першае. А па-другое, людзі ўжо стаміліся ад гэтага беззаконня. Яны ж бачаць, што паўсюль падман, цэны ў крамах растуць, па тэлевізары адно і тое ж гавораць. І гэтае маленькае вакенца – збор подпісаў – дае ім магчымасць паказаць сябе чалавекам і застацца ім.
Нагадаем, што Гарадзенскі гарвыканкам не дазволіў гарадзенцам правесьці дэманстрацыю за адмену дэкрэту №3.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня