У Гародні на акцыі былі тысячы прыхільнікаў перамен (абноўлена)



У Гародні прайшла масавая акцыя ў цэнтры – на пляцах Савецкім і Леніна, дзе ў агульнай колькасці прынялі ўдзел па розных ацэнках ад васьмі да дванаццаці тысячаў жыхароў.

Патрабаванні людзей – ранейшыя. Іх чыноўнікі не слухаюць, а часам спрабуюць паказаць мускулы. Гэтак на двух вуліцах прылеглых да пляцу Савецкага стаялі аўтазакі з АМАПам, а міліцыянты ў цывільным кружлялі вакол пратэстоўцаў. Але людзі няўхільныя і салідарныя. Паказала гэта акцыя.

Кажа чалавек, які прынёс плакат «Лукашэнка і Караеў фашысты і забойцы беларусаў»:

– З вельмі вялікай крыўдай і абурэннем я прыходжу сюды. Як вы бачыце, на плакаце напісана, што яны фашысты і забойцы. Забойцы нашага беларускага народа, нашых дзяцей і ўнукаў.

– Я прыходжу сюды з-за таго, што мне вельмі крыўдна, што ўлада нас не чуе. Думаю, што нашаму цярпенню можа прыйсці канец. Калі армія, тыя ж нашыя сыны і ўнукі, павернуцца да народа, то мы пераможам. Але пажадана, каб гэта было мірным шляхам, каб не было ахвяраў, хоць хапун гэты працягваецца.

– З надзеяй, канешне, прыйшоў. Будзе нарастаць па нарастаючай. Нарэшце людзі ўздыхнуць, яны і так ужо зразумелі, што яны добрая сіла.

– Калі не будуць апускаць рукі, калі не будуць слухаць дзяржаўныя СМІ, галоўнае, каб яны верылі ў сябе і не апускалі рукі. Проста трэба выходзіць, трэба паважаць сябе, каб потым не было сорамна, што ты сядзеў дзесьці на канапе, а іншыя зрабілі гэта.

На мітынгу асобна прыйшлі падтрымаць анархісты. Іх чорны сцяг асобна вылучаўся ў пратэстным моры бел-чырвона-белых сцягоў. Яны трымалі малы плакат, на якім было напісана толькі : -5! – знак таго, што ўчора мэтава, пасля мітынгу міліцыя затрымала пяць іх сяброў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Гародні сабралася па розных ацэнках ад 8 да 12 тысяч чалавек. Пасля мітынгу на Плошчы Леніна людзі рушылі назад і прыйшлі да турмы на вуліцы Кірава, дзе сімвалічна патрабавалі вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў. Цягам шэсця і мітынгу людзі скандавалі „Лукашенко в автозак!”, „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”, „Уходи!”, „Убийцы!” (на адрас Лукашэнкі і яго сілавікоў), „Кожны дзень!”, а таксама іншыя лозунгі.

У Гародні тысячы людзей прайшлі шэсцем з Савецкай цэнтральнай плошчы праз стары цэнтр на Плошчу Леніна.

Зараз ідзе «вольны мікрафон».

Кажа наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:

– На плошчы Леніна сабралася зараз некалькі тысяч чалавек. Па пярэдніх дадзеных каля 7 тысяч чалавек. Вельмі шмат людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і супрацоўнікі «Хімвалакна», «Гроднаэнерга» і «Азота», якія мусяць страйкаваць, але не ўсе таксама страйкуюць. Зараз ідзе «вольны мікрафон». Выходзяць розныя людзі і супрацоўнікі «Хімвалакна» і людзі, якія затрыманыя былі 9-10 жніўня, кажуць, што трэба далей рабіць забастоўку.

РР: То бок ніякіх лідараў пратэсту там няма? Не выдзяляюцца?

– Ніякіх лідараў няма. Ёсць там, напрыклад, старшыня партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, ёсць папярэднія выступоўцы, але сёння ўсё адбываецца.

РР: З Каардынацыйнай рады таксама няма прадстаўнікоў?

– Нікога няма.

РР: Што тычыцца праваахоўнікаў, як сябе паводзяць?

– Праваахоўныя органы на Савецкай плошчы папярэджвалі людзей, калі пачала рухацца калона, казалі, каб не ішлі людзі па праезнай частцы, не заміналі руху транспарта. І вось зараз дзяжурыць некалькі машын міліцыі па баках плошчы і перыядычна раз у 5-10 хвілін праязджае аўтазак, але не спыняецца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Ладзіка Майніча, Сяргея Апановіча і Якуба Сушчынскага