У Гародні – самыя дарагія візы
Гародня з’яўляецца ў Беларусі горадам з самымі высокімі коштамі на рэгістрацыю візавых анкет у Генеральным консульстве Рэспублікі Польшча. Турыстычныя фірмы і прыватныя асобы прапануюць падтрымку ў рэгістрацыі па наступнаму прэйскуранту: віза па пакупкі – 1 мільён 500 тысяч беларускіх рублёў, нацыянальная па запрашэнні – 800 тысяч. Гэта амаль у 2 разы даражэй, чым у Менску, што, па словах жыхароў Гародні, не ў апошнюю чаргу выклікана прыпамежным месцазнаходжаннем горада:
– Кожны дзень маршруткі ездзяць у Беласток: возяць людзей зрабіць пакупкі, з рэлігійных нагод, шмат спартоўцаў едзе. Калі спрасціць рэгістрацыю, то консульства, відаць, не справіцца з такой хваляй жадаючых з прыпамежнай тэрыторыі. Бо кожны захоча зрабіць візу.
Кошты на візавую падтрымку істотна танней у консульстве Літоўскай Рэспублікі, аднак жыхары Гарадзеншчыны дзеля атрымання візы павінны прадаставіць адпаведнае запрашэнне. Такой катэгорыі, як візы па пакупкі, консульства Літвы ў Гародні не прапануе.
Уладальнікі карты паляка на Гарадзеншчыне, узрост якіх не перавышае 45 гадоў, дзеля рэгістрацыі візавай анкеты вымушаныя плаціць пасярэднікам 500 000 беларускіх рублёў ці спрабаваць самастойна зарэгістравацца на адмысловай інтэрнэт-старонцы дыпламатычнай установы.
Кошты на рэгістрацыю візавай анкеты ў Гародні застаюцца самымі высокімі ў краіне. У Берасці такая паслуга каштуе 100 000 рублёў, у Менску – увогуле незапатрабаваная. Не ў апошнюю чаргу высокія кошты, на думку генеральная консула Рэспублік Польшча ў Гародні Анджэя Хадкевіча, тлумачацца і той колькасцю жыхароў Беларусі, якія звяртаюцца па карту паляка:
– Каля 5-6 тысяч чалавек, якія звяртаюцца па карту паляка штогод, яе атрымліваюць. Гэтая колькасць не спадае і не расце, звязана гэта з колькасцю асоб, якія працуюць па карце паляка, і з нашымі магчымасцямі. Так, як мы не можам павялічыць колькасць віз, якія выдаём, так мы не можам павялічыць і колькасць выдаваемых карт паляка.
Вялікая колькасць жадаючых атрымаць карту паляка спавадавала і цяжкасці з рэгістрацыяй на экзамен па яе атрыманні.
Пасярэднікі за 1 мільён 500 тысяч беларускіх рублёў (якія эквівалентныя ста далярам) гарантавана прапануюць рэгістрацыю на суразмову ў польскім консульстве дзеля атрымання карты паляка.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота people.onliner.by