У Гародні – шэраг акцый у падтрымку жывёлаў
У Гародні цягам бліжэйшага тыдня адбудзецца цэлы шэраг акцый у падтрымку бадзяжных жывёлаў.
Пра тое, што будзе адбывацца ў горадзе, распавядае адна з арганізатарак гэтых акцый, грамадская актывістка Дар’я Нячай:
– На дапамогу жывёлам цяпер мала людзі звяртаюць увагі, больш клапоцяцца пра пандэмію, каронавірус і г.д. Есці яны хочуць заўжды, лекавацца таксама. Мы вырашылі з нашым барам арганізаваць серыю акцый у падтрымку жывёлаў. Першае, што мы зрабілі, – пачалі збіраць макулатуру ў падтрымку акцыі для арганізацыі па ахове жывёлаў «Святло жыцця». Нашыя суседзі па гандлёвым цэнтры «Палац» таксама далучыліся да гэтай акцыі. Я думаю, што з наступнага тыдня ў нас будзе рэгулярны вываз макулатуры ў падтрымку жывёлаў.
На думку грамадскай актывісткі, апроч збору макулатуры існуюць і іншыя формы дапамогі:
– Макулатуру здаюць на перапрацоўчы завод, а атрыманыя грошы пералічваюцца ў «Святло жыцця». Ужо пачалася з 27 чысла выстава-продаж даволі вядомага і любімага мастака Гародні – Алеся Сурава. Ён даў нам 8 сваіх палотнаў, гэта пано з кельцкімі матывамі, ад продажу якіх 15% таксама будзе пералічана ў дапамогу бадзяжным жывёлам.
Таксама ў памяшканні гарадзенскага бара CRAFT 29 траўня 2020 года aдбудзецца акустычны вечар, на якім таксама будзе адбывацца збор у дапамогу бадзяжным жывёлам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча