У Гародні штогадзіны гучыць вялікі звон Свята-Пакроўскага сабора
У Гародні з 13-га жніўня штогадзіны гучыць вялікі звон Свята-Пакроўскага праваслаўнага Сабора.
Пра гэта паведаміў настаяцель Свята-Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой.
Зроблена гэта – каб разгойдваўся звон, а не махавік гвалту. Кажа наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– Гучанне вялікага звону Пакроўскага сабору ў Гародні ў знак закліку да міру і грамадзянскай згоды ў Беларусі. Перапынення неапраўданага гвалту, жорсткага збіцця людзей, бесчалавечных катаванняў. За перапыненне ўсялякіх правакацый. За салідарнасць з сем’ямі, якія не могуць даведацца, дзе знаходзяцца іх блізкія. За салідарнасць з невінавата арыштаванымі. За спачуванне параненым і знявечаным. У падтрымку блізкім загінулых. Як заклік да спынення гвалту з абодвух бакоў канфлікту і дээскалацыі вулічных пратэстаў.
У Саборы і перад статуяй Пакрова Багародзіцы будзе ажыццяўляцца бесперапынная малітва.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня