У Гародні скарачаюць факультатывы польскай мовы



У Гародні змяншаецца колькасць факультатыўных заняткаў польскай мовы ў сярэднеадукацыйных школах. Адміністрацыя навучальных установаў тлумачыць гэта адсутнасцю неабходнай колькасці жадаючых вывучаць польскую мову. Аднак непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі пасля маніторынга сітуацыі выявіў выпадкі, калі класныя кіраўнікі спрабуюць паўплываць на дзяцей з мэтай адмовіцца ад факультатываў польскай мовы.

10981736_450902215060888_8265623874374938588_n

Старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анжаліка Борыс заяўляе, што арганізацыя будзе адсочваць сітуацыю і зробіць усё магчымае дзеля таго, каб колькасць факультатыўных заняткаў па польскай мове ў Гародні не змяншалася:

– Польскую адукацыю выціскаюць з дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Сітуацыя з выкладаннем польскай мовы адлюстроўвае палітычны стан у Беларусі. Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў змагаўся за польскую адукацыю, ствараў польскія школы. Зараз ён не можа функцыянаваць адкрыта. 

У гарадзенскіх агульнаадукацыйных установах выяўленыя выпадкі, калі супрацоўнікі камітэта дзяржаўнай бяспекі ў размовах з адміністрацыяй настойліва раяць скасаваць факультатывы польскай мовы і такім чынам абмежаваць дзяцей ад яе вывучэння. У выпадку непадпарадкавання дырэкцыі школ пагражаюць звальненнямі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня