У Гародні ідзе следства пра атручанне трох чалавек, адзін з якіх памёр



У Гародні следчыя высвятляюць акалічнасці атручання трох чалавек, адзін з якіх памёр, паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Двое маладых людзей і дзяўчына пацярпелі, спажыўшы парашок, які называецца ў народзе „хуткасць”. Гэта, як адзначылі ў міліцыі, па сутнасці канцэнтрат наркатычнага рэчыва, які выкарыстоўваецца ў курыльных міксах.

Паводле інфармацыі следства, ў аўтамашыне „Аўдзі А6”, што стаяла на абочыне дарогі каля вёскі Алекшыцы Бераставіцкага раёна, быў знойдзены труп жыхара Ваўкавыска 1993 года нараджэння. Акрамя таго, у салоне з прыкметамі вострага атручэння неўстаноўленым рэчывам знаходзіліся яшчэ два чалавекі – юнак і дзяўчына 1993 года нараджэння, якія жывуць у Ваўкавыску і Шчучынскім раёне. Іх неадкладна даставілі ў шпіталь.

Падчас агляду месца здарэння следчыя выявілі і забралі з аўтамабіля рэшткі неўстаноўленага рэчыва, прызначылі судова-хімічную экспертызу.

Юнак і дзяўчына, якія выжылі дзякуючы своечасовай медыцынскай дапамозе, растлумачылі следству, што ў дарозе ў аўтамабілі спажывалі псіхатропнае рэчыва, пасля чаго страцілі прытомнасць.

Улічваючы акалічнасці здарэння, следства распачало дзве крымінальныя справы – у дачыненні да неўстаноўленай асобы, якая збыла псіхатропнае рэчыва і ў дачыненні да дзвюх выжыўшых асоб па факце незаконнага без мэты збыту набыцця імі, захоўвання і перавозкі псіхатропнага рэчыва.