У Гародні службовыя асобы падазраюцца ў буйным крадзяжы



Упраўленнем Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці на падставе матэрыялаў праверкі, праведзенай упраўленнем па змаганні з эканамічнымі злачынствамі УУС Гарадзенскага аблвыканкама, распачата крымінальная справа ў дачыненні да службовай асобы ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» і кіраўніка прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства Гародні па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Яны падазраюцца ў тым, што з 2013 па 2016 гады праз створанае для крадзяжоў прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства праводзілі закупку для патрэб мясакамбіната па заведама завышаных цэнах таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. У выніку супрацьпраўных дзеянняў завалодалі грашовымі сродкамі мясакамбіната ў суме каля 83 тысяч рублёў.

З санкцыі пракурора да службовых асобаў прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. У мэтах забеспячэння кампенсацыі нанесенай шкоды накладзены арышт на іх маёмасць, у тым ліку на нерухомасць і аўтатранспартныя сродкі.

У мэтах ўстанаўлення фактычных абставінаў здзяйснення злачынства на абодвух прадпрыемствах запланавана правядзенне фінансавых праверак, канфіскавана і вывучаецца фінансава-гаспадарчая і дагаворная дакументацыя, дапытваюцца кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў, праводзяцца іншыя следчыя і працэсуальныя дзеянні.

Расследаванне працягваецца.

Фота БелаТА