У Гародні спрабуюць адклікаць дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў



Гарадзенцы праз збор подпісаў спрабуюць правесці сход з нагоды адклікання дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Ліліі Кір’як. Подпісы спрабавалі падаць у Гарадзенскі гарадскі савет дэпутатаў, каб правесці працэдуру законным шляхам, аднак першая спроба была няўдалай.

Кажа адзін з ініцыятараў збору подпісаў – грамадскі актывіст Яўген Дудкін:

– Нам сёння адмовілі на падставе таго, што, як аказалася, старшыня гарсавета Фёдараў знаходзіцца ў адпачынку. У гэтыя жудасныя і страшныя часы для нашай дзяржавы. Па-другое, яго сакратар знаходзіцца ў невядомым месцы, то бок, адсутнічае на працы. Па якіх прычынах, таксама нам невядома. А што датычыцца выканаўчай улады, гарадскога выканаўчага камітэта, то нас сёння дазволілі запісаць на прыём толькі на 10-га верасня. То бок, мы маем на сёння 10 дзён. Вось такая сітуацыя. Мы, канешне, будзем выкарыстоўваць нейкія іншыя варыянты.

На думку юрыста Зміцера Салаша, зборшчыкі подпісаў хочуць дыялогу з уладамі.

– Па гэтым варыянце 273 подпісы было сабрана. Менавіта на тэрыторыі 51-ай акругі. Яшчэ ёсць подпісы, 30 подпісаў, мы спяшаліся, ёсць яны ў адным месцы, іх больш, іх, канешне, больш. Для гэтай справы трэба 150 подпісаў. Мы збярэм усе гэтыя подпісы і дашлем замоўным лістом і будзем чакаць адказу ўладаў. Мы хочам дыялогу.

Агулам подпісы па адкліканні дэпутатаў збіраюцца ў 4-х акругах, дзе некалькі год таму былі абраныя дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў. Таксама ініцыяваны працэс па зборы подпісаў па адкліканні мясцовых дэпутатаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча