У Гародні стварылі „Азбуку маленькага беларуса”
Кожнай літары ў кнізе адпавядае слова-сімвал роднай зямлі.
„Азбуку маленькага беларуса” стварылі ў Гародні, паведамляе БелТА.
Кожнай літары ў кнізе адпавядае слова-сімвал роднай зямлі. Тлумачыцца яго значэнне радкамі з твораў беларускіх паэтаў. У дапаможніка ўжо ёсць электронная версія, цяпер аўтары працуюць над мабільнай. Замест сшыткаў і сумных падручнікаў – інтэрактыўная дошка і размалёўкі. Урок роднай мовы больш нагадвае гульню: дзеці складаюць з літар словы, малююць новыя паняцці і нават чытаюць вершы, праўда, пакуль з дапамогай настаўніка. На такія ўрокі дзеці ходзяць з задавальненнем нават на вакацыях – у расклад школьнага лагера прыйшлося нават уключыць дадатковы занятак. Замацаваць атрыманыя веды можна з дапамогай планшэта.
„Азбука маленькага беларуса” – пераможца рэспубліканскага конкурсу „100 ідэй для Беларусі”. Стваральнікі праекта – выкладчыкі і студэнты Гарадзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Адная з распрацоўніц праекта Надзея Сцяпура патлумачыла: „Кожнай літары алфавіту адпавядае старонка з малюнкам і вершамі на беларускай мове на тэму роднай зямлі і гісторыі. У азбуку ўвайшлі творы беларускіх класікаў Купалы, Коласа, Броўкі і сучасных аўтараў”.
Восенню „Азбуку маленькага беларуса” ўключаць у вучэбную праграму некалькіх дзіцячых садкоў і школ Гародні (у якасці экспэрыменту).
Унікальны дапаможнік увесь час дапрацоўваюць, днямі выйшла міні-версія асобных старонак азбукі – на кішэнных календарах, закладках і нават на абгортках цукерак. Адзін з беларускіх вытворцаў гатовы выпусціць першую партыю навучальных прысмакаў. Неўзабаве з’явіцца і мабільная версія азбукі – стварэнне дадатку даверылі студэнтам.
Распрацоўнікі гатовыя пайсці далей і прапанаваць маленькім беларусам серыю азбук і тэматычных кніжак на беларускай мове – пра прыродныя з’явы, назвы гарадоў, помнікі архітэктуры, вядомых суайчыннікаў.