У Гародні – суд над абаронцам прадпрымальнікаў



Судовы працэс над прадпрымальнікам з Зэльвы Віктарам Ламекам, які цягам некалькіх год бараніў прадпрымальнікаў з Гарадзеншчыны, пачаўся ў абласным  Гарадзенскім эканамічным судзе. Абласная падатковая інспекцыя ў 2015 годзе прысудзіла прадпрымальніку штраф у памеры 70 мільёнаў рублёў, і гэтую пастанову прадпрымальнік спрабуе аспрэчыць.

1 lameka

Віктар Ламека даказвае ў судзе, што палову тэрміна, па якім быў накладзены штраф, яго фізічна не было ў Беларусі.

– Мая непахісная пазіцыя, аказанне прававой падтрымкі грамадзянам не падабаецца мясцовай уладзе, пракурорам. І менавіта яны далі ўказанне скласці акт камеральнай праверкі, які, як мы высветлілі, складзены з грубейшым парушэннем закону.

autuhovich

На фота: Віктар Сазонаў і Мікалай Аўтуховіч

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч:

– Зараз склалася такая сітуацыя, якую вельмі цяжка ацаніць. Суддзя лавіруе, імкнецца паказаць, што ён хоча судзіць, бо задае канкрэтныя пытанні.

Праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Усе ўжо прызвычаіліся да такіх працэсаў, дзе бок, які прадстаўляе сённяшнюю сістэму, па-сутнасці выглядае цалкам некампетэнтным нават супраць звычайных грамадзянаў. Яны ўжо ўсё адмянілі, нават інстытут грамадскага абаронцы, які мог прыйсці і дапамагчы звычайным людзям.

У Віктара Ламекі ў залік штрафу ўжо канфіскавалі тэлевізар з хаты і аўтамабіль ягонай жонкі, а ў самаго прадпрымальніка забралі правы кіроўцы.

Прысуд па справе абвесцяць пасля перапынку ўжо заўтра, 15 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня