Гародня: “дзіўны суд” над журналістамі
У Гародні ў судзе Ленінскага раёна адбываецца судовы працэс над трыма сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесем Дзянісавым, Аляксеем Кайрысам і Катажынай Ляўдацкай.
Жураналісты лічаць гэты працэс сфабрыкаваным, кажа Алесь Дзянісаў:
– Зразумела, што гэта сфабрыкаваная справа. Зразумела, што трэба было асудзіць. Шчучынскія міліцыянты, нават з пункту гледжання падтасоўкі, не ўсё зрабілі як трэба. Не ўсе сведкі выкарыстаны. Выкарыстаны былі толькі старыя людзі, на якіх можна было націснуць. Потым мы бачым, калі чыталі справу, фактычна словы сведкаў вельмі падобныя, нібыта яны напісаныя пад капірку.
На думку праваабаронцы Віктара Сазонава, гэты працэс мае палітычны падтэкст:
– Суд працягваўся па старым сцэнары. Апытваліся некія сведкі, якія маглі тэарэтычна даць паказанні на гэтых людзей, а не на тых, якія пазначаны ў цітрах. Але калі сведкі іх не пазналі, а справа ўсё адно забуксавала, няведаючы што рабіць, перапынкі аб’яўляліся ўсё даўжэйшыя і даўжэйшыя. На пяць хвілін, па паўгадзіны і ўрэшце на двое сутак. Ужо мы тут пачынаем разумець, хто і як узгадняе, адкуль узгадняюць. Застаецца відавочным, што ўся справа носіць палітычны матыў.
Кажа Аляксей Кайрыс:
– Гэта ўсё вельмі смешна. Па-першае, мы не рабілі гэтага сюжэту насамрэч. Па-другое, сведчанні старых людзей не адпавядаюць рэчаіснасці. Будзем канешне спадзявацца на прыпыненне працэсу, але наўрад ці гэта будзе.
У працэсе над журналістамі аб’яўлены тэхнічны перапынак да 24 красавіка. Працяг ў Судзе Ленінскага раёна Гародні ў 14:30.
Беларускае Радыё Рацыя
***
У панядзелак, 22 красавіка, у судзе Ленінскага раёна Гародні пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыны Ляўдацкай. Іх вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі па арт. 22.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).
Але рашэнне суд 22 красавіка так вынесці і не змог. Суддзя Дзмітры Бубенчык працягваў перапынкі два разы, але потым увогуле абвесціў перапынак да серады 24 красавіка.
Супрацоўнікі Шчучынскага РАУСа склалі на журналістаў пратаколы за фільм пра Чэслава Нёмана, які выйшаў на тэлеканале “Белсат”. На пачатку судовага працэса журналісты падалі хадайніцтва аб спыненні справы ў сувязі з тым, што яны не з’яўляюцца аўтарамі матэрыялу, за які іх судзяць.
Журналіст Аляксей Кайрыс патлумачыў суду, што ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ён здымаў фільм, але для сябе. Да таго матэрыяла, што выйшаў на „Белсаце”, ён не мае да гэтага аніякага дачынення. Тое самае сказалі журналісты Катажына Ляўдацкая і Алесь Дзянісаў.
У якасці сведак на судзе выступілі загадчык музея ў Старых Васілішках Уладзімір Сінюта, а таксама 84-гадовы жыхар вёскі Тамаш Маркевіч, які патрапіў у сюжэт фільма “Белсат”.
Абодва не пазналі журналістаў. Сведка Сінюта паведаміў, што ён не даваў аніякага інтэрв’ю. Пры гэтым у пратаколе пазначана, што інтэрв’ю з ім адбылося. Але загадчык музея паведаміў, што пры складанні пратаколу не казаў гэтага. Маркевіч таксама паведаміў, што не разумее, чаму ў пратаколе супрацоўнікі міліцыі напісалі, што ён пазнаў гэтых журналістаў. Сказаў, што для апазнання яму паказвалі фотаздымкі, а потым сказалі падпісаць пратакол, што ён і зрабіў.
Чакаецца, што суд агучыць рашэнне па гэтай справе 24 красавіка ў 14:30.