У Гародні судзяць актывіста БХД



У Ленінскім раённым судзе Гародні ідзе судовы адміністрацыйны працэс супраць актывіста Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Сяргея Верамеенкі. Суддзя Наталля Козел разглядае справу непадпарадкавання службовай асобе пры выкананні ёй службовых абавязкаў.

weramejanka

Размова ідзе пра спробу без дазвола Верамеенкі апісаць маёмасць у яго кватэры судовым выканаўцам Яўгенам Паньковым 22 снежаня 2016 года на суму 525  рублёў. Гэта сума штрафу, які яшчэ аспрэчваецца актывістам у судах вышэйшай інстанцыі за ўдзел у акцый салідарнасьці з сем’ямі зніклых палітыкаў. Кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель, які быў у зале суда.

– Судовы выканаўца недасканала выканаў інструкцыі, таму што, з яго слоў, працуе толькі з траўня 2016 года. Узнікла спрэчная сітуацыя. І, канешне, Сяргею Верамеенку трэба было напісаць  скаргу на дзеянні судовага выканаўцы на імя начальніка прымусовага выканання Ленінскага раёна Гародні.

У судзе на першым паседжанні выступіў адзін сведка. 11-га студзеня на ранішняе судовае паседжанне выкліканыя міліцыянты, якія былі сведкамі інцыдэнта ў хаце Верамеенкі, а таксама ўчастковы міліцыянт, які склаў пратакол на актывіста. На думку Юргеля, пакуль ясна тое, што судовы выканаўца парушыў інструкцыі і не паведаміў праз тэлефон альбо пошту пра свае намеры ажыццявіць выканаўчыя дзеянні.

– Сяргей Верамеенка своечасова не аддаў яму квітанцыю аб аплаце. Як бы недарэчнасць, але міліцыя склала пратакол на Сяргея Верамеенку за непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананні ягоных службовых  абавязкаў. Тут ужо пытанні да тых міліцыянтаў, якія склалі гэтыя пратаколы.

Сяргей цвердзіць, што на час прыходу судовага выканаўцы доўг па адміністрацыйным штрафе быў выплачаны. І ён паведаміў Панькову пра тое, што абскарджванне рашэння суда пра штраф працягваецца.

Працэс прадоўжыцца 11-га студзеня а 9.20 у Ленінскім раённым судзе. Падтрымаць Сяргея Верамеенку на першае паседжанне суда прыйшлі сябры, актывісты БХД.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня