У Гародні судзяць антыфашыста (абноўлена)



У Гародні праходзіць закрыты судовы працэс над маладзёнам, 1995 года нараджэння. Яго вінавацяць паводле артыкула крымінальнага кодэкса «пагроза забойствам». Суд вядзе суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Мікалай Сяргейка.

IMG_5314

Як ад пацярпелага ён стаў абвінавачаным распавядае сам Максім Ягнешка.

Спачатку ў гэтай гісторыі я быў пацярпелым. Мяне пабілі. Некалькі асобаў. Я звярнуўся ў хуткую дапамогу. Па выхадзе адтуль, мяне чакалі супрацоўнікі міліцыі, якія хацелі ад мяне атрымаць тлумачэнні. Каб я напісаў заяву, на гэты конт. Але я адмовіўся. На наступны дзень ізноў да мяне заехалі, але я ізноў адмовіўся даваць тлумачэнні майго збіцця, бо я ня памятаў тых, хто мяне біў, і ня бачыў сэнсу пісаць нават. Пасля, даведаўся, што парушана справа па факце, бо справа «носіць грамадскі характар». Праз паўгода гэтую справу закрылі. Прыйшла папера, што справа закрытая, бо няма складу злачынства.

Р.Р.: Ды вы даведаліся, пра прычыны вашага збіцця?

У той момант я не ведаў, што гэта за дзецюкі. А пасля ўжо я даведаўся, хто яны такія…

Р.Р. І хто?

Гэты напад быў праз мае перакананні. Я прытрымліваюся антыфашысцкіх поглядаў. Як я пазней даведаўся, нападаўшыя належаць да фанацкага руху футбольнага клуба «Нёман». Многія ведаюць, што некаторыя фанаты футбольнага клуба прытрымліваюцца ўльтраправых поглядаў. Гэта можна ўбачыць і на старонцы ў сацыяльных цянётах.

Пасля, мяне выклікалі супрацоўнікі «аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю» і яшчэ колькіх маіх знаёмых. Мне там прапаноўвалі пісаць заяву. На гэта я адказаў, што пісаць не буду. Яны казалі: «Давай засадзім гэтых фашыстаў лепей, супрацуй з намі. Бо цябе ж будзе горай, на цябе ўжо напісаная заява».

Я адмовіўся і пайшоў. Як даведаўся пазней, супраць мяне парушана крымінальная справа па артыкуле 186, «Пагроза забойствам». Як высветлілася, заяўнікамі былі дзецюкі, што мяне раней пабілі каля маёй хаты.

Р.Р. : Вы пагражалі ім?

— Не. Не пагражаў. Ну гэта значыць, я не пагражаў ім менавіта забойствам. Быў канфлікт. Але ў заяве яны настолькі перасыцілі фарбы, выдумалі, я б сказаў…Таму, што да гэтага мела месца падзея, калі мой знаёмы ехаў з дзяўчынай у тралейбусе. Два хлопца, з ліку тых, хто мяне збіваў, дачапіліся да яго. Тады хлопец з дзяўчынай выйшаў з тралейбуса, а прыліпалы пацягнуліся ўслед.

Р.Р. А гэтая пара выступала ў якасці сведак у судзе?

— Гэтыя казалі ўжо пасля таго, як суд стаў працаваць у закрытым рэжыме, таму я пакуль сказаць не магу, але адзін з пацярпелых, які цягнуўся за парай, сказаў, што нажа не было. Бо казалі раней, што я «пагражаў нажом, падстаўляў да шыі. Была бойка». На судзе той пачаў прызнавацца, што як такой бойкі не было, не было нажа. Што быў канфлікт, пасля якога ўсе разышліся без вымогаў. Пасля працэс быў абвешчаны закрытым, праз ягонае дрэннае пачуванне. Той вельмі хваляваўся.

Р.Р.: Хваляваўся хто?

— Адзін з пацярпелых, які сказаў праўду, што нажа не было.

Р.Р.: На якім этапе цяпер суд?

— На цяперашнім этапе яшчэ апытваюць пацярпелых. Іх трое. Калі шлі следчыя дзеянні двое пацярпелых ўжо казалі, што насамрэч нажа не было, а быў канфлікт.

Р.Р.: Максім, а якім чынам вашы калегі аказаліся датычныя да гэтай справы?

— Я не ведаю, якіх перакананняў яны прытрымліваюцца, але думаю, што толькі з-за таго, што я з імі кантактую, яны могуць мець праблемы. Як гэтыя вобшукі, што праходзяць і іншае.

IMG_5317

IMG_5318

Сябар Максіма, які не захацеў называць свайго імя і прозвішча: Усю кватэру ператрэслі. 26-га ліпеня да мяне прыехалі супрацоўнікі міліцыі ў колькасці 6-7 чалавек. Быў не вобшук, а дагляд. Г.з. яны не мелі права прычыняць шкоды мэблі, дзверы ўскрываць, як я разумею. Адзін пакой быў закрыты. Гаспадары (я не гаспадар) адмовіліся адчыняць дзверы аднаго пакоя — гасцёўні. Міліцыянты патрабавалі ад мяне адвёрткі і сякеру, хацелі ўскрыць гэты пакой. Доўга цягнулі час, гаспадары ўсё адно не пагадзіліся. Тады міліцыянты выклікалі супрацоўнікаў ЖЭС, каб тыя ўскрывалі. Каб віну на іх, як што перакінуць. Ускрылі, я там быў. Не прадставіліся яны мне. Адзін толькі, ён так скрозь, яны як звыкла прадстаўляюцца, што не разабраць, вельмі борзда вельмі. Астатнія адмовіліся ўвогуле прадстаўляцца. Два чалавекі былі не ў форме, у цывільным, астатнія — ў форме. Але ўсе адмовіліся прадстаўляцца. Што я, што мая маці, спрабавалі даведацца, хто прыйшоў, тыя ўсяляк адмоўчваліся.

Калі я запытаў, пра прычыну іх візіту? Міліцыянты сказалі, каб я сеў і не замінаў ім. Маўляў, калі завязуць на допыт, там я пра ўсё даведаюся.

Р.Р.: Дык вам прад’явілі штосьці?

— Не, нічога не прад’яўлялі. І калі я спрабаваў патэлефанаваць адвакату — забаранілі. Сказалі: «Такое толькі ў Амерыцы бывае. Не выдумвай».

Р.Р.: Дык вы ня ведаеце, што яны шукалі?

— Пасля ўжо, як прывезлі на допыт, сказалі, што ў горадзе, у нас ёсць надпіс, я так разумею экстрэмісцкага характару, і сапсаваны манумент, насупраць пракуратуры, здаецца. І таму яны мяне дапытвалі. Пасля пад час допыту змяніліся чатыры чалавекі. Яны цікавіліся экалагічнымі, антыфашыстоўскімі, анархічнымі рухамі. Ну і моладдзю. Пыталі: «Можа ведаеш каго?», хто дзе знаходзіцца й г.д. Фанатамі футбольнымі, г.зн. Усімі моладзевымі рухамі рознага кшталту: і правымі і левымі…палітычныя, субкультурнымі.

Р.Р.: Ці планавалі вы неяк адрэагаваць на такія працэсуальныя парушэнні закона «ахоўнікамі правапарадку?»

— Пакуль не рэагаваў, проста яшчэ напэўна будуць выклікаць, ды й рэчы мае ў іх, і на гутаркі будуць выклікаць, як яны любяць называць. Я думаю падыйсці з адвакатам і штосьці рабіць ужо з адвакатам. Мне патрэбны копіі. Пасля допытаў мне не далі аніводнае паперы. Я думаў, што дома ёсць папера пра выманне маіх рэчаў. Але й яе ня было. Вымалі кампутарную тэхніку, флэшкі, літаратуру. Рознага роду, нават савецкія раманы, што на паліцы стаялі. Адзенне, пнеўматычны пісталет. Яны вельмі ўсцешыліся, калі ўбачылі. Ён да трох джоўляў – паветраная дзіцячая руля, і маску каб восенню ці зімою ездзіць на ровары.  Яны сказалі: «Калі ў цябе ёсць пісталет, дык ты напэўна людзей рабуеш».

Р.Р.: Вашы кантакты з Максімам напэўна сталі прычынай вобшукаў?

— Ну так, пра многіх пыталіся. Я з многімі кантактаў шчыльных не трымаю. Напэўна — так. У мяне пыталі: з кім я знаёмы? Як я даведаўся, у маіх нават старых знаёмых вобшукі былі.

Р.Р.: Вы ведаеце імя хаця б аднаго міліцыянта, які ажыццяўляў ў вас ператрус?

— Не помню, і нават, калі чалавек, які мяне дапытваў, ён назваў сябе, і сказаў, што з крымінальнага вышуку, і я буду весці справу. А калі пачаўся ператрус, то мне ўвогуле ніхто не назваўся. 

Іншы знаёмы Максіма Ягнешкі: У мяне быў ператрус, у кватэры, дзе я прапісаны. І прыязджалі ў кватэру, дзе я нібыта жыву, дзе жывуць мае бацькі. Пакуль яны туды ня трапілі. На маю думку ўлады такім чынам праводзяць акцыю, каб падаўляць субкультурныя праявы й палітычныя праявы ў нашай краіне. Бо я чуў, што ў іншых гарадах праходзяць рэпрэсіі на многіх людзей.

Максім Ягнешка: Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю даслалі ліст у суд Ленінскага раёна, што паколькі ідзе суд над антыфашыстам, то можа прыехаць шмат аднадумцаў, каб яго падтрымаць. Хаця ніхто ня прыходзіў. І было знаёмых пяцёрка людзей, якія наведвалі судовы працэс. У лісце прасілі зрабіць працэс закрытым, каб ня адбылося ўцечкі інфармацыі на інтэрнэт рэсурсы. Але суд не задаволіў гэтай просьбы. На наступнае паседжанне адзін з пацярпелых, Андрэй Сіпайла, даў хадайніцтва, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме. Што ён чагосьці баіцца, а яго жыццю нешта пагражае. Хоць, для гэтага, наколькі я ведаю, павінны быць важкія прычыны, якія даводзілі, што ягонаму жыццю сапраўды нешта пагражае. Ён напісаў заяву, што чалавек з вонкавымі прыкметаміяк у мяне ў кампаніі некалькіх дзецюкоў здзейснілі рабаванне з ужываннем гвалту і адабралі ў яго шапку.

Віктар Сазонаў праваабарончы цэнтр «Вясна»: Мне было дастаткова таго, што я быў на астатнім працэсе і бачыў, як гэты працэс робіцца закрытым. Гэта выклікала здзіўленне і цэлы шэраг пытанняў. Жорсткія ўмовы патрабуюцца для таго, каб зрабіць працэс закрытым. Бо закрыты ад грамадства— гэта ўжо нешта такое патаемнае, што патрабуе прычынаў: дзяржаўная таямніца, вайсковая. І гэта патрабуе доказаў. А тут проста заява пацярпелага, што ён нешта думае, што яму нехта пагражае. На пытанні, ці ведаеце хто пагражае, ці што — адказвае, што проста так думае. Суддзя мог арганізаваць вывучэнне гэтай заявы стварыўшы адпаведную камісію. А так — не. Суддзя выходзіць, раіцца там невядома з кім пэўны час, а пасля прыходзіць і зачытвае рашэнне пра закрытае правядзенне суда. Усё што закрытае, заўсёды выклікае пэўныя падазрэнні. І ўжо ставіць гэта працэс у падвышаную ўвагу праваабаронцаў. Таму праваабаронцамі прынятае рашэнне адсочваць гэта працэс. Адсочваць усё, што з ім звязана, для таго, каб не даць невінаватым там людзям пацярпець.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня