У Гародні судзяць за каментар на адрас міліцыянткі
У Гародні, праходзіць суд за зняважлівы каментар на міліцыянтку-амапаўку Дар’ю Бандарчук у сацыяльнай сетцы „Інстаграм”.
У кастрычніцкім судзе Гародні паводле крымінальнай справы, артыкул 369, судзяць Настассю Каламейчанку, 31 гадовую кабету, маці двух непаўнагадовых дзяцей. Суддзя – Маргарыта Ланцэвіч.
За працэсам назірае праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага камітэта:
– Яна 3 верасня быццам выставіла зняважлівы допіс пад фота адной з міліцыянтак з Гародні. Пракурор сёння зачытала гэтае абвінавачванне, і дапыталі ў судзе гэтую маладую маці. Хто выставіў сторыс так і не вядома, таму што сторыс у “Інстаграме” выстаўляецца на суткі і знікае.
Настасся Каламейчанка паведаміла, што падчас арышту ў ізалятары яна дала пароль ад смартфона міліцыянту, таму доступ да акаўнта быў дасяжны многім, і каментар у „Інстаграме” маглі зрабіць іншыя людзі. Яшчэ адна выснова з пачатага судовага працэсу, што аператыўна вышуковыя мерапрыемствы супраць абвінавачанай праводзіліся з дапамогай „падсадной качкі” ў камеры ізалятара.
Працяг судовага пасяджэння пройдзе 19 красавіка.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя